Microsoft выявіла атаку расейскіх хакераў на антыдопінгавыя арганізацыі


Карпарацыя Microsoft выявіла буйную атаку хакераў, звязаных з расейскімі ўладамі, на антыдопінгавыя арганізацыі па ўсім свеце. Паведамленне пра гэта апублікавана ў блогу карпарацыі.

Цэнтр збору інфармацыі аб пагрозах Microsoft адсачыў кібератакі на антыдопінгавыя і спартыўныя арганізацыі, якія былі здзейснены групай пад назвай Strontium, таксама вядомай як Fancy Bear і APT28, заявіла кампанія.

«Па меншай меры 16 нацыянальных і міжнародных спартыўных і антыдопінгавых арганізацыяў на трох кантынентах сталі ахвярамі гэтых нападаў, якія пачаліся 16 верасня, незадоўга да з’яўлення паведамленняў пра новыя магчымыя дзеянні Сусветнага антыдопінгавага агенцтва», – гаворыцца ў паведамленні.

Паводле звестак Microsoft некаторыя з гэтых нападаў былі паспяховымі. Хакеры выкарысталі фішынг, распыленне пароляў і шкодныя праграмы. Кампанія апавясціла арганізацыі, якія сталі мішэнню нападаў.

Групоўку Strontium, падкантрольную расейскім спецслужбам, называюць адказнай за кібератакі на Дэмакратычную партыю ЗША, НАТО, французскі тэлеканал TV5 Monde, Бундэстаг і іншыя заходнія і міжнародныя органы ўлады і арганізацыі, а таксама на журналістаў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў