Межы закрываюцца. Якія новыя правілы мінання мяжы з 21 снежня


Памежны камітэт Беларусі на сваёй старонцы ў Instаgram падрабязна растлумачыў, як будуць працаваць новыя правілы кантролю на мяжы, якія краіна ўводзіць з 21 снежня. Пра што там гаворыцца?

Пункт «Брузгі», 20 снежня.
Фота: Саша Праўдзіна / Белсат

Выезд з Беларусі

З 21 снежня выезд будзе часова прыпынены для грамадзянаў Беларусі і іншаземцаў, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне ў Беларусі. Гэтае абмежаванне не распаўсюджваецца на:

– тых, хто выязджае ў сувязі з ажыццяўленнем працоўнай дзейнасці альбо для атрымання адукацыі на тэрыторыі замежнай дзяржавы; дазволамі на права выезду з’яўляюцца адпаведныя тыпы віз альбо дакумент, які пацвярджае грамадзянства (падданства) іншай дзяржавы;

– грамадзянаў Беларусі, якія маюць від на жыхарства ці іншы дакумент, які пацвярджае права на пастаяннае пражыванне ў замежнай дзяржаве, – для выезду да месца пастаяннага пражывання.

Пры гэтым выехаць можна толькі раз на 6 месяцаў.

Дакументы, якія пацвярджаюць факт ажыццяўлення працоўнай дзейнасці за мяжой, – гэта працоўная дамова (кантракт) з замежным працадаўцам або яго копіі,

дазвол на працу, выдадзены ўпаўнаважанай арганізацыяй прыймовага боку,

дазвол на права ўезду ў замежную дзяржаву з названымі мэтамі. Запрашэнне на працу не зʼяўляецца пацверджаннем.

Дакументы, якія пацвярджаюць атрыманне адукацыі за мяжой, – гэта дамова (кантракт) аб атрыманні адукацыі, даведка аб атрыманні адукацыі, даведка-выклік альбо копіі названых дакументаў на папяровым носьбіце.

Праз паветраныя пункты пропуску для грамадзянаў Беларусі і іншаземцаў выезд не абмежаваны, але не раней заканчэння 10-дзённага тэрміну самаізаляцыі.

Уезд у Беларусь

Для грамадзянаў Беларусі і іншаземцаў, у якіх ёсць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне ў Беларусі, абмежаванняў пры ўездзе ў краіну няма. ПЦР-тэст не патрабуецца. У выпадку прыбыцця з «чырвонай зоны» прадугледжваецца абавязковая 10-дзённая самаізаляцыя, а з «зялёнай зоны» яна не патрэбна.

Пералік краін «чырвонай зоны» можна паглядзець тут.

Цяпер у спісе 146 краін, сярод якіх усе нашыя суседзі, акрамя Расеі.

Дзесяцідзённы тэрмін самаізаляцыі адлічваецца з даты прыбыцця ў Беларусь да заканчэння дзясятых содняў знаходжання ў самаізаляцыі (напрыклад, калі вы прыехалі ў Беларусь 1 студзеня, то выезд з краіны магчымы з 00:00 11 студзеня).

Замежнікам дазволены ўезд у Беларусь толькі праз аэрапорты. Замежнікі, якія дасягнулі шасцігадовага ўзросту (за выключэннем тых, хто мае дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне ў Беларусі), якія прыбываюць у краіну, мусяць мець арыгінал або копію медыцынскага дакументу на папяровым носьбіце ці ў электронным выглядзе, які пацвярджае адмоўны вынік ПЦР-тэсту на інфекцыю COVID-19.

Тэрмін дзеяння дакументу ПЦР адлічваецца з даты яго выканання да заканчэння трэціх содняў (калі ПЦР-тэст здадзены 1 студзеня, то з 00.00 4 студзеня дакумент зʼяўляецца несапраўдным для ўезду ў Беларусь).

Для грамадзянаў Расеі

Пагранічны кантроль на беларуска-расейскай мяжы беларускімі памежнікамі не ажыццяўляецца. Гэта тычыцца як наземнага ўчастка, так і аэрапортаў.

На грамадзянаў Расейскай Федэрацыі, якія накіроўваюцца транзітам у Расею праз наземныя і паветраныя пункты пропуску, абмежаванне па ўездзе ў Беларусь не распаўсюджваецца. ПЦР-тэст і самаізаляцыя ім не патрэбныя.

Для грамадзянаў Расеі і замежнікаў, якія не маюць дазволу на часовае / пастаяннае пражыванне ў Беларусі і якія прыбываюць у Беларусь з Расеі як праз наземны ўчастак мяжы, так і праз аэрапорты, абавязковая наяўнасць адмоўнага ПЦР-тэсту.

Грамадзяне Расеі, якія прыбываюць у Беларусь з трэціх краінаў праз аэрапорт не для транзіту, павінны мець даведку з адмоўным вынікам ПЦР-тэсту на інфекцыю COVID-19. У выпадку прыбыцця з краінаў «чырвонай зоны» абавязковая 10-дзённая самаізаляцыя.

Транзіт праз Беларусь

Транзіт для замежнікаў магчымы толькі ў выпадку прыбыцця ў Беларусь праз аэрапорт. Пры дакументальным пацверджанні транзіту ў 24-гадзінны тэрмін ПЦР-тэст і самаізаляцыя не патрабуюцца.

Дакументамі, якія пацвярджаюць транзітны праезд праз тэрыторыю Беларусі ў тэрмін не больш за 24 гадзіны, могуць быць:

– праязны дакумент (білет), транзітная віза Беларусі, афіцыйнае запрашэнне органа (арганізацыі);

– пуцёўка ў лячэбную (аздараўленчую) установу дзяржавы, куды накіроўваецца асоба, і іншыя дакументы.

Калі няма дакументу, які пацвярджае 24-гадзінны транзіт праз тэрыторыю Беларусі, замежніку будзе выдадзена анкета, якую неабходна перадаць супрацоўніку органаў памежнай службы пры выездзе з краіны. Пры гэтым у анкеце ў якасці месца жыхарства (знаходжання) у Рэспубліцы Беларусь праязджаючы павінны зрабіць запіс: «транзіт праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у тэрмін не больш за 24 гадзін».

Калі транзіт перавысіць 24 гадзіны, пропуск праз мяжу магчымы толькі пры наяўнасці даведкі з адмоўным вынікам ПЦР-тэсту на інфекцыю COVID-19 (для атрымання даведкі неабходна звярнуцца ва ўстанову аховы здароўя Беларусі).

Яшчэ «падарункі»

Абмежаванне на выезд з Беларусі – не адзіны «падарунак», які падрыхтавалі ўлады для беларусаў. На днях стала вядома, што Міністэрства фінансаў падумвае зрабіць мінанне беларускай мяжы ў легкавым аўтамабілі платным. Такая норма прадугледжана праектам змяненняў у Падатковы кодэкс. Прапануецца дазволіць абласным саветам дэпутатаў уводзіць мясцовы збор на перасячэнне мяжы – сума не павінна перавышаць трох базавых велічыняў.

Падлічваем: базавая ў наступным годзе складзе 29 рублёў, атрымліваецца, за кожны выезд за мяжу ў адпачынак ці па пакупкі трэба будзе аддаць да 87 рублёў.

Навошта гэта патрэбна? У праекце гаворыцца пра «кансалідацыю расходаў бюджэту для барацьбы з COVID-19». Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў патлумачыў журналістам, што сабраныя сродкі можна будзе накіроўваць на «захады для дэзынфекцыі і забеспячэння пунктаў пропуску ўсім неабходным з улікам пандэміі».

Вось такі навагодні «падарунак» чакае ўладальнікаў аўтаў. Нагадаем, што, акрамя гэтага, пры выездзе за мяжу кіроўца мусіць аформіць так званую зялёную карту. Яе кошт на мінімальны тэрмін 15 дзён пры выездзе ў краіны ЕЗ складае 30 еўраў (крыху больш за 90 рублёў).

Саша Праўдзіна, belsat.eu

Стужка навінаў