Мецэнатку беларускага нацыянальнага і хрысціянскага руху Магдалену Радзівіл перапахаваюць у Менску


«Лічу сябе беларускай літоўскага паходжання. Як і муж мой, полькай сябе не прызнаю», – пісала арыстакратка ў 1912 годзе. Княгіня Марыя Магдалена Радзівіл дапамагала беларускім арганізацыям і выданням.

Нашчадкі вырашылі вярнуць яе прах на Радзіму – у Беларусь.

Яшчэ ў 2016 годзе Мацей і Мікалай Радзівілы абмяркоўвалі перапахаванне сваёй знакамітай сваячкі з арцыбіскупам Менска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам у адным з касцёлаў у Менску.

«Яна лічыла сябе беларускай, яна марыла жыць у Менску, таму гэта будзе вельмі сімвалічна, калі мы пахаваем прах Магдалены тут, бо яна марыла пра вольную дэмакратычную Беларусь», – казаў тады Мацей Радзівіл.

Да роднай зямлі

17 лютага ў 10.00 пахавальную цырымонію ў менскім касцёле святога Роха (Залатая Горка) узначаліць дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Скрынка з парэшткамі Магдалены Радзівіл будзе выстаўленая для развітання ў касцёле вечарам 16 лютага, распавёў пробашч парафіі кс. Юрый Санько.

«Запрашаем усіх ахвотных прыйсці і памаліцца», – сказаў святар.

Касцёл на Залатой Горцы ў Менску

Паводле яго, парэшткі будуць перазахаваныя ў левай частцы святыні. На тым месцы ўсталююць памятную шыльду і барэльеф у гонар славутай мецэнаткі.

Пасля цырымоніі чакаюцца даклады пра асобу Магдалены Радзівіл і яе сувязь з Беларуссю.

На ўрачыстасць прыбудуць Мацей і Мікалай Радзівілы, а таксама праўнукі Магдалены Радзівіл – Марылена і Адам Замойскія.

Беларуская патрыётка-каталічка

Марыя Ева Магдалена-Іосіф Эльжбета Апалонія Катажына Радзівіл нарадзілася 8 ліпеня 1861 году ў Варшаве ў графскім родзе Завішаў, які ў XVII і XVIII стагоддзях адносіўся да магнатэрыі Вялікага княства Літоўскага. Яшчэ яе бацька Ян Тадэвушавіч Завіша вызначаўся «мясцовым патрыятызмам», размаўляў па-беларуску дома і з сялянамі, займаўся беларускай археалогіяй і этнаграфіяй.

А ў 1906 годзе Магдалена пасля смерці першага мужа выйшла замуж за Мікалая Радзівіла (1880-1914), які таксама захапляўся беларушчынай і збіраў беларускі фальклор.

Мікалай Радзівіл загінуў на фронце Першай сусветнай вайны ў складзе расейскай арміі, аднак ягоная ўдава працягнула справу мужа. Дзякуючы яе намаганням былі адкрытыя і фінансаваліся беларускія школы ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі, фінансаваліся выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, кансерватыўная газета «Беларус», таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы.

Першае выданне багдановічавага «Вянка»

Мецэнатка плаціла стыпендыю студэнтам-беларусам, якія вучыліся ў Пецярбургу, падтрымлівала тамтэйшую беларускую бібліятэку. Асаблівую ўвагу надавала праблеме падрыхтоўкі нацыянальна-свядомай беларускай інтэлігенцыі. Яе маёнтак у Кухцічах наведвалі Вацлаў Іваноўскі, Iван і Антон Луцкевічы, Раман Скірмунт і іншыя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху.

У знак удзячнасці княгіне Вацлаў Іваноўскі і Іван Луцкевіч змясцілі яе спадчынны герб «Лебедзь» на тытульным аркушы зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок».

У 1918 годзе княгіня горача падтрымала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

Таксама Магдалена Радзівіл была шчырай верніцай, ахвяравала сродкі на беларускія каталіцкія грамадскія арганізацыі. У 1917 годзе яна ахвяравала дыяментавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме – грошы перадалі айцам-марыянам у Друі.

Магдалена Радзівіл

З 1917 году, калі Менск захапілі бальшавікі, арыстакратка з’ехала ў эміграцыю, аднак і там працягвала дапамагаць беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі. Апошнія трынаццаць гадоў свайго жыцця правяла ў кляштары сясцёр-дамініканак у месьце Фрыбур.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў