Метадолаг Уладзімір Мацкевіч прапанаваў «нядзелю свабоды»


Мы шмат каго дазволілі пасадзіць, таму што маўчалі – лічыць метадолаг, журналіст і адзін з ідэолагаў кампаніі «Свежы вецер» Уладзімір Мацкевіч. Нядзельны марш 23 жніўня ён прапануе правесці пад сценамі ІЧУ на Акрэсціна ў сталіцы.

Уладзімір Мацкевіч кліча на марш Свабоды 23 жніўня. Фота Belsat.eu

Спіс з сотняў ужо схопленых, збітых, зніклых і забітых будзе падаўжацца, канстатуе Уладзімір Мацкевіч, прыводзячы ў прыклад новую крымінальную справу – супраць Каардынацыйнай Рады.

«Чакаем, калі і іх пасадзяць? Усіх, пачынаючы са Святланы Алексіевіч, – кідае выклік філосаф. – Нашыя сябры пакутуюць у турмах, іх катуюць. Яны пакутуюць за кожнага з нас, за нашую агульную справу, за вольную Беларусь.

Мы цярпелі і чакалі. Хопіць! Да нядзелі мы абавязаныя іх усіх вызваліць і сустрэць на волі. Я абвяшчаю НЯДЗЕЛЮ СВАБОДЫ! Марш-блакада турмы на Акрэсціна».

Мацкевіч заклікаў усіх беларусаў прыходзіць 23 жніўня на Акрэсціна – на мірную чыстую белую дзею, са сцягамі і транспарантамі.

«Агульнаграмадзянскі марш за Свабоду». 16 жніўня, 2020 г. Магілёў, Беларусь.
Фота: Belsat.eu

«Мы будзем там, пакуль да нас не выйдуць усе палітвязні. У гэты час Прэзідыум КР пойдзе да рэзідэнцыі з нашым патрабаваннем. Сябры КР пойдуць да амбасадараў еўрапейскіх краін, каб яны даслалі назіральнікаў, якія засведчаць нашыя чыстыя імкненні і мірны характар маршу-блакады».

Уладзімір Мацкевіч заявіў, што гарантуе мір і спакой і што гатовы адказваць за гэта нават сваім жыццём.

ЮТ/НЯ, Belsat.eu

Стужка навінаў