Месяц за свой кошт. У Беларусі паступова спыняецца планавая стаматалагічная дапамога


Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Менскія стаматалогіі перастаюць аказваць планавую дапамогу пацыентам. З суботы 4 красавіка можна разлічваць толькі на экстраннае лекаванне. Як будуць працаваць дактары ў новых умовах?

З панядзелка – за свой кошт

У пятніцу 3 красавіка ў тэлеграм-канале NEXTA з’явіўся загад камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму. Стаматолагаў заклікаюць спыніць планавую медычную дапамогу, а прымаць пацыентаў толькі ў экстранных сітуацыях.

У суботу 4 красавіка падобную абвестку вывесілі ў 5-й менскай стаматалагічнай паліклініцы. У рэгістратуры нам паведамілі, што ў суботу пацыентаў па талонах яшчэ прымалі, але надалей дапамога прыпыняецца.

У прыватнай размове з карэспандэнтам «Белсату» адна з доктарак зазначыла, што большасць стаматолагаў адправілі ў адпачынак за свой кошт. Пакуль што мінімум на тыдзень.

Іншая доктарка, якая працуе ў адной са сталічных стаматалагічных паліклінік, распавяла, што «ёй прыйдзецца месяц пабыць дармаедкай». Паводле яе, у паліклініцы пакінулі некалькі дактароў на змену, усім астатнім прапанавалі ці ўзяць адпачынак, ці сысці за свой кошт.

«Каронавірус вельмі ўдарыў па фінансавым баку стаматолагаў»

Такія захады абвешчаныя не толькі ў Менску. Гарадзенскія стаматолагі кажуць, што ў іх з панядзелка таксама прыпынілі планавы прыём.

«Працуем пераважна па вострым болю, але з панядзелка. Звычайныя прыёмы, магчыма, будуць ужо прыпыненыя. Працаваць застануцца толькі хірургі. Стаматолагі і фельчары могуць за ўласны кошт сыходзіць у адпачынак хоць цяпер. Калі пацыенту сапраўды вельмі балюча, мы будзем дапамагаць. Але калі доктар зразумее, што чалавек імітуе боль, – у прыёме будзе адмоўлена», – распавёў стаматолаг-хірург, які працуе ў адной з дзяржаўных стаматалагічных клінік у Горадні.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У прыватных кабінетах сітуацыя адрозніваецца. Там каранціну аніхто не абвяшчае, але медыкі самі вырашаюць не працаваць.

«Прыватнікі сыходзяць на каранцін, разумеючы, якую небяспеку можа несці каронавірус. Мы працуем у блізкім кантакце з пацыентам, а таму, калі крый божа ў пацыента будзе COVID-19, то ён перадасца і стаматолагу. Вядома, па бізнесе сітуацыя ўдарыла моцна, каранцін яшчэ больш падкосіць фінансавы бок прыватных стаматолагаў. Але што зробіш, я не магу рызыкаваць здароўем старых бацькоў, жонкі і дзіцяці», – тлумачыць «Белсату» стаматолаг з гарадзенскага прыватнага кабінету.

Абвестка ў са стаматалогій Менску.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У раённых цэнтрах пакуль што нікога за свой кошт не адпраўляюць. Доктарка, якая працуе ў невялічкім райцэнтры Менскай вобласці, паведаміла карэспандэнтцы «Белсату», што з панядзелка ім рэкамендуецца адмежаваць планавую дапамогу.

«Але мы не можам камусьці адмовіць у дапамозе. За свой кошт нікога не адпраўлялі. У панядзелак пайду на працу як звычайна», – распавядае яна.

Стаматалогія і COVID-19

Праз спецыфіку сваёй прафесіі стаматолагі шмат працуюць са слізістымі пацыентаў, таму не меней за іншых дактароў рызыкуюць заразіцца COVID-19.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Reuters Staff / Reuters / Forum

Медычны часопіс «The Lancet» выпусціў адмысловы гайд для стаматолагаў падчас пандэміі каронавірусу. Амерыканская асацыяцыя дантыстаў ADA таксама распрацавала інструкцыю для дактароў, якая дапаможа мінімізаваць рызыку перадавання каронавіруснай інфекцыі падчас прыёму.

Ксенія Тарасевіч, Аляксей Кайрыс belsat.eu

Стужка навінаў