«Месца правапарушэння - belsat.eu». Журналістку Вольгу Чайчыц зноў аштрафавалі


У 2018 годзе ціск на нашых журналістаў не спадае: суд Лідскага раёну пакараў карэспандэнтку «Белсату» Вольгу Чайчыц буйным штрафам.

Суддзя Піпко вырашыў даць ёй штраф у 30 базавых велічыняў (735 рублёў).

У чарговы раз «белсатаўцаў» вінававяць у «парушэнні заканадаўства аб СМІ» (арт. 22.9 КоАП). Нагодай для гэтага стаў сюжэт аб праблемах прадпрымальнікаў, што працуюць на мясцовым рынку ў Лідзе.

Сёння перад судом Вольга Чайчыц і аператар Андрэй Козел зноў заехалі да герояў свайго папярэдняга матэрыяла, каб даведацца, як у тых справы і зняць працяг. Але раптам з’явіліся міліцыянты і склалі яшчэ адзін пратакол на журналістаў. Як адзначае Вольга, неўзабаве варта чакаць новай позвы.

«Падтрымаць мяне на паседжанне прыйшло шмат людзей. Мясцовыя актывісты, праваабаронцы з Хельсінскага камітэту, проста людзі… Гэта вельмі прыемна. Я ўбачыла цікавую рэч, якой раней не заўважала. У пратаколе ў якасці месца правапарушэння пазначана старонка belsat.eu, то бок наш сайт», – распавяла Вольга.

Нагадаем, паводле артыкулу пра незаконны выраб прадукцыі медыяў і працы без акрэдытацыі толькі за 2017 год журналісты «Белсату» заплацілі дзяржаве не менш за $ 14 000. Як вынікае са статыстыкі БАЖ, 94 % штрафаў за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ летась прыпалі на журналістаў «Белсату».

КА, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў