Мэрыя Масквы ўзгадніла акцыі пратэсту 10 і 11 жніўня


Улады Масквы ўзгаднілі акцыі ў падтрыманне незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты гарадской думу на праспекце Сахарава 10 і 11 жніўня. Пра гэта паведаміла «МБХ медыя» кіраўніца штабу Генадзя Гудкова Эльвіра Віхарава.

Заяўнікамі акцыяў былі сама Эльвіра Віхарава і муніцыпальны дэпутат Віктар Шандаровіч.

Hавiны
У Маскве пачаліся ператрусы ва ўдзельнікаў пратэстаў 27 ліпеня
2019.07.31 08:57

Чыноўнікі папрасілі заяўнікаў аб’яднацца і ў выніку зрабіць адзін мітынг – або 10, або 11 жніўня. Зараз ідуць перамовы, у які дзень лепш правесці акцыю.

Першыя пратэсты ў Маскве пачаліся 14 ліпеня, калі акруговыя выбаркамы сталі прызнаваць подпісы 57-і незалежных кандыдатаў несапраўднымі і адмаўляць ім у рэгістрацыі.

20 ліпеня адбылася ўзгодненая з уладамі акцыя пратэсту, якая стала адной з найбольш масавых у Маскве за апошні час. Толькі ў адведзеную на праспекце Сахарава зону прыйшлі больш за 21 тыс. чалавек. Аднак яшчэ шмат людзей засталіся чакаць сваёй чаргі за межамі металашукальнікаў. Там жа затрымалі траіх чалавек.

Паколькі ўлады не прыслухаліся да патрабаванняў пратэстоўцаў, адзін з лідараў расейскай апазіцыі Аляксей Навальны анансаваў на 27 ліпеня новы мітынг. Акцыя не была ўзгодненая. Напярэдадні яе прайшлі затрыманні лідараў апазіцыі і незалежных кандыдатаў у дэпутаты, у іх кватэрах і офісах адбыліся ператрусы.

Тым не менш, акцыя 27 ліпеня адбылася. Падчас яе ўлады затрымалі каля 1400 чалавек. Па выніках акцыі былі распачатыя крымінальныя справы за масавыя беспарадкі і гвалт да паліцыянтаў. У вязніцах могуць апынуцца шэсць чалавек. Нягледзячы на гэта, на 3 жніўня была анансаваная новая акцыя пратэсту.

Чарговая акцыя пратэсту адбудзецца 3 жніўня. «Белсат» будзе весці онлайн-трансляцыю.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў