Мэркель хоча прапанаваць Еўразвязу ўзмацніць санкцыі ў дачыненні да Расеі


Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель мае намер пераканаць краіны Еўразвязу выступіць за ўзмацненне санкцыяў у дачыненні да Расеі праз сітуацыю ў Сірыі.

Пра гэта паведамляе нямецкая газета «Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung» са спасылкай на крыніцы з асяроддзя Мэркель.

Санкцыі будуць абмяркоўвацца на саміце Еўразвязу 20 ці 21 кастрычніка, адзначае газета. Крыніца газеты паведаміла, што Мэркель будзе цяжка пераканаць сацыял-дэмакратаў – палітычных партнёраў Мэркель у Нямеччыне – і іншыя краіны ЕЗ у неабходнасці зрабіць больш жорсткімі санкцыі. Аднак «незадаволенасць Расеяй узрасла», адзначыла крыніца.

Прычынай для незадаволенасці паслужылі абвінавачванні ў датычнасці Расеі да нападаў на гуманітарны канвой у Сірыі і бамбаванні ў Алепа.

У размове з Мэркель прэзідэнт ЗША Барак Оўбама паведаміў, што падтрымае «жорсткі адказ», калі Еўразвяз пагодзіцца на гэта. Паводле крыніцы газеты, калі санкцыі ў дачыненні да Расеі будуць больш жорсткімі, яны закрануць авіяцыйнай сферы і расейскае Міністэрства абароны.

19 верасня сірыйскія актывісты паведамілі пра авіяўдары, нанесеныя па гуманітарным канвоі і па офісе Чырвонага Паўмесяца ў горадзе Орм аль-Кубра ў ваколіцах Алепа. Па іх словах, удар быў нанесены расейскай і сірыйскай авіяцыяй. Пацярпелі 18 цяжкавікоў з 31, і загінулі не менш за 20 чалавек.

Мінабароны Расеі заявіла аб недатычнасці расейскай авіяцыі да ўдару па гуманітарным канвоі ў Алепа. ЗША і сірыйскія апазіцыйныя групоўкі абвінавацілі ў атацы менавіта Расею.

МЯ, паводле tvrain.ru

Стужка навінаў