Ці ў Лукашэнкі ёсць план правакацыяў? Тлумачым, прычым тут вагнэраўцы

Асабісты аналіз сітуацыі з вагнэраўцамі і сцэнары развіцця падзеяў у дзень выбараў прэзідэнта Беларусі ды пасля яго падрыхтаваў Сяргей Пеляса, журналіст, рэдактар міжнароднай аналітычнай праграмы «ПраСвет» і палітычны каментатар на «Белсаце». Які план падрыхтаваў Аляксандр Лукашэнка на выпадак масавых пратэстаў пасля выбараў? Як перашкодзіць у рэалізацыі ягонага сцэнара? Навошта ў Беларусь прыехалі расейскія найміты? Якую ролю ім адвялі? Падкрэслім, што меркаванне не з’яўляецца пазіцыяй рэдакцыі, а асабістым аналізам і меркаваннем Сяргея Пелясы.

Пачалося з таго, што я атрымаў інсайдарскую інфармацыю, якая найхутчэй паходзіць ад беларускіх сілавікоў – як былых, гэтак і дзейных. Яна дазваляе з вялікаю верагоднасцю сцвярджаць, навошта вагнэраўцы прыехалі ў Беларусь і што запланаваў Лукашэнка на выпадак масавых пратэстаў. Вынікі яе аналізу – вашай увазе.

Прапаную рэйтынг сцэнароў, варыянтаў гісторыі з расейскімі наймітамі ў Беларусі ў галоўнай ролі. Пачнем з найменш верагодных і скончым на самым рэальным.

Такім чынам, гісторыя, апублікаваная расейскім выданнем «Комсомольcкая правда» і распаўсюджаная пазней шмат якімі маскоўскімі медыямі, аўтсайдар майго спісу.

5. Украінскія шпіёны зарганізавалі складаную камбінацыю, у выніку якой расейскія найміты, як кацяняты, аказаліся ў кіпцюрах беларускага КДБ. Усё гэта было зроблена, каб пасварыць Беларусь і Расею. Па-мойму, гэтая версія не вытрымлівае ніякай крытыкі.

4.Расейцы рукамі баевікоў-вагнэраўцаў планавалі зліквідаваць Аляксандра Лукашэнку фізічна. Гэтую версію агучыў украінскаму тэлеканалу «Еспресо TV» расейскі апазіцыянер і публіцыст Андрэй Пянткоўскі. Ён правёў аналогію з забойствам Хафізулы Аміна, кіраўніка Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан, у 1979 г. Тады савецкія спецслужбы штурмам узялі палац, у якім быў кіраўнік Афганістану, забілі яго разам з 5-гадовым сынам. У выніку аперацыі загінулі каля 200 асобаў.

Версію пра планы вагнэраўцаў зліквідаваць Лукашэнку агучыў таксама беларускі блогер Дзяніс Івашын, звязаны з украінскім сайтам «ІнформНапалм». Ён падкрэсліў: адлегласць паміж месцам затрымання расейцаў у санаторыі «Беларусачка» ў Ждановічах і Драздамі, адной з рэзідэнцыяў Аляксандра Лукашэнкі, – каля 5 км. І ў асноўным гэта лес. Адлегласць да іншых месцаў, якія наведвае кіраўнік Беларусі, таксама невялікая. Што дае падставу разглядаць такую версіі.

Я стаўлюся да гэтай версіі скептычна, бо расейцы дзеялі надта адкрыта, непрафесійна як для такой складанай аперацыі ўсё-ткі на чужой тэрыторыі. Верагоднасць гэтага варыянту малая, хаця цалкам яго нельга адкідаць.

3. Афіцыйны варыянт Следчага камітэту. Паводле следчых, Менск быў канцавым пунктам падарожжа вагнэраўцаў. Яны не ляцелі транзітам у трэцюю краіну з Расеі праз Беларусь. Украінскі партал «ІнформНапалм» сцвярджае, што наагул расейскія найміты з гэтак званай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра такім чынам не перамяшчаюцца. Гэта проксі-фармаванне Генеральнага штабу Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі. Яго жаўнеры лётаюць вайсковымі самалётамі проста з Расеі.

Цікава, што гэтая інфармацыя беларускіх следчых супярэчыць афіцыйным заявам Крамля. Праз два дні пасля затрымання расейцаў у Беларусі першай афіцыйнаю рэакцыяй Масквы сталася заява Уладзіміра Пяскова, кіраўніка прэсавай службы Уладзіміра Пуціна. Ён сказаў, што затрыманыя не найміты, а працаўнікі ахоўнай фірмы, якія ляцелі транзітам у Стамбул. Гэтая заява не вытрымлівае крытыкі. Па-першае, украінскі бок ужо давёў, што прынамсі частка затрыманых у Беларусі асобаў – тэрарысты, якія бралі ўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Па-другое, Расея і Турцыя выступаюць з двух розных бакоў узброенага канфлікту ў Лівіі. Цяжка сабе ўявіць транзіт праз Стамбул байцоў, якія могуць ваяваць супраць турэцкіх саюзнікаў у паўночнаафрыканскай дзяржаве.

Варта нагадаць, што пасля затрымання вагнэраўцаў у Беларусі крымінальную справу распачалі паводле арт. 293 – «Рыхтаванне масавых закалотаў».

Аднак нельга цалкам выключыць і гэтую версію. Пытанне ў тым, хто ў такім выпадку замовіў складаную аперацыю (спецслужбы, алігархі?) і дзеля чаго. Да інфармацыі Следчага камітэту блізкая і наступная версія.

2. Гэта расейская аперацыя, толькі яе мэта не зліквідаваць Лукашэнку фізічна, а зарганізаваць страляніну, як на Майдане.

У выніку праліецца кроў. Нармалізацыя дачыненняў з Захадам затрымаецца. Беларусь будзе вымушаная пайсці на саступкі Крамлю ў інтэграцыі. Гэтую версію я паставіў на другое месца. Аднак усё-ткі я скептычна да яе стаўлюся. Такі сцэнар цяжка зарганізаваць і правесці ў Менску ў дзень выбараў. Горад – пад татальным кантролем сілавікоў.

Я не магу сабе ўявіць, што ўзброеная група наймітаў без згоды ўладаў Беларусі аказваецца ў цэнтры падзеяў, страляе па дэманстрантах ці сілавіках і адыходзіць пасля выканання аперацыі. Гэта не Афрыка. Зрэшты, калі б гэта і быў сцэнар Масквы, то ён ужо праваліўся: вагнэраўцаў затрымалі. Вы скажаце: а як жа тыя, каго яшчэ не знайшлі? Так, таму мы і не можам канчаткова яе адкінуць.

У першай версіі мы спынімся на гэтак званых масавых закалотах падрабязней.

1. Гэтак, першая і асноўная версія. Расейская пагроза, анексія, аншлюс амаль што заўтра. Крымскі сцэнар для Беларусі: апошнія пяць гадоў нас пужалі сілавой агрэсіяй Крамля супраць Сінявокай. Аднак анексіі не адбылося. Памятаеце тысячы вагонаў, якімі расейцы павінны былі прыехаць на вучэнні «Захад-2017» і застацца? Вядома, пагроза суверэнітэту Беларусі з боку Расеі не знікала ніколі. Аднак мне падаецца, што ў першую чаргу Крэмль імкнецца ўзмацняць свае ўплывы іншымі сродкамі, не напалову адкрытаю гібрыднай агрэсіяй. Не так, як з Украінаю. Бо гэта апошні сцэнар, калі іншыя ўжо не спрацуюць. У першую чаргу Масква ўплывае на Беларусь праз гэтак званыя інтэграцыйныя працэсы, медыяльныя, эканамічныя залежнасці. Цяпер жа працэс паглыбленай інтэграцыі на паўзе: падаецца, Масква чакае больш спрыяльнай сітуацыі. Лукашэнка пасля выбараў будзе аслаблены, законнасць ягонай улады будзе пад пытаннем як для самых беларусаў, так і на Захадзе. Да інтэграцыі вернуцца пасля выбараў.

Аднак для рэжыму Лукашэнкі існуе патрэба падтрымліваць ідэю пра расейскую пагрозу. Маўляў, калі не Лукашэнка, то ў Беларусь прыйдзе Пуцін і расейскія танкі будуць стаяць на Нёмне.

То бок у вачах Захаду і беларускага грамадства трэба падтрымліваць кіраўніка дзяржавы як адзінага гаранта незалежнасці.

Менавіта дзеля гэтага і былі патрэбныя вагнэраўцы ў Менску. Гэта самае лагічнае тлумачэнне. Яны не збіраліся ляцець транзітам праз Беларусь. Іхная мэта – Беларусь. Тут трэба пагадзіцца са Следчым камітэтам. Зрэшты, як кажуць украінскія крыніцы, вагнэраўцы наагул не лётаюць грамадзянскімі рэйсамі праз трэція краіны.

Цяпер перад беларускімі следчымі стаіць заданне звязаць вагнэраўцаў з затрыманымі Віктарам Бабарыкам і Сяргеем Ціханоўскім. Праз некалькі дзён мы ўбачым, наколькі яны з гэтым справіліся.

Памятайма, што затрыманыя 33 асобы і яшчэ больш за 100 не затрыманыя. Гэта азначае, што яны – існыя, а хутчэй няісныя найміты – яшчэ спатрэбяцца. Дзеля чаго?

Hавiны
Навошта вагнэраўцы прыехалі ў Беларусь? Асноўныя версіі гучнай справы
2020.07.30 14:19

Цяпер падсумаванне і прагноз развіцця падзеяў.

9 жніўня. Улады настроеныя дзеяць жорстка. Міліцыя, АМАП і ўнутраныя войскі не будуць узброеныя, але ў іх будуць вадамёты. На межах Менску дыслакуюцца часткі сілаў спецыяльных аперацыяў, то бок вайсковы спецназ. Недарма ж Лукашэнка апошнімі тыднямі аб’ехаў усе тры брыгады спецназу, а таксама гарнізон унутраных войскаў.

Вечарам і ў ноч на 10 жніўня будуць дзеяць група «Альфа» КДБ і група, сфармаваная з ахоўнікаў Лукашэнкі, – са службы бяспекі прэзідэнта. Заданне – нанесці раненні амапаўцам. Магчыма, яны выкарыстаюць снайперскую зброю. Іншы варыянт – дзеянні з натоўпу пратэстоўцаў. Тут могуць ужыць выбух ці стрэл супраць АМАПу.

Пасля гэтай правакацыі спецназ КДБ «Альфа» затрымае, а магчыма, нават зліквідуе групу наймітаў, правакатараў. Гэта можа адбыцца ў адным з менскіх гатэляў, напрыклад, у «Еўропе». Гэта і будуць тыя найміты-вагнэраўцы, якіх не знайшлі.

Пасля гэтага ў Лукашэнкі будуць развязаныя рукі. Можна ўводзіць надзвычайнае становішча дэ-юрэ ці нават дэ-факта, абмежаваўшы і так абмежаваныя правы беларусаў.

Захаду пакажуць доказы ўмяшання Расеі ў беларускія выбары. Зноў правядуць паралелі з украінскім Майданам.

Што рабіць, каб пазбегнуць гэтага сцэнара?

Абнародаваць яго – апублікаваць, што я і раблю.

Яго аўтары павінны ведаць, што гэта ўжо не таямніца. Яўнасць – нашая галоўная зброя.

Калі людзі выйдуць на пратэст, галоўнае – берагчы лідараў. Не дазволіць абезгаловіць акцыі. Не даць іх захапіць фізічна.

Сілавікі будуць дзеяць наступным чынам. Жаўнеры ўнутраных войскаў сфармуюць шыхты са шчытамі і палкамі. Яны рушаць на мірных пратэстоўцаў. За імі будзе ісці АМАП. Заданне амапаўцаў, іхная мэта – захапіць лідараў, актывістаў і перацягнуць іх за ланцуг унутраных войскаў: знейтралізаваць. Не дазваляйце гэтага зрабіць.

За сіламі войскаў і АМАПу будуць стаяць вадамёты. Калі акажацца, што пратэстоўцаў не ўдаецца разагнаць і яны пацясняць міліцыю, тады выкарыстаюць вадамёты. Не спрабуйце ім супраціўляцца, не кідайце ў іх нічога: гэта не мае сэнсу. Убачыце, як пачынае працаваць вадамёт, – уцякайце.

Адзіная магчымасць супрацьстаяць такой тактыцы – масавасць пратэсту. Калі выйдуць сотні тысячаў людзей, то сілаў міліцыі не хопіць.

Уважліва глядзіце за тым, што адбываецца вакол вас. Ці ёсць асобы са зброяй, піратэхнікаю, газавымі балончыкамі. Калі вы ўбачыце такіх людзей – паспрабуйце затрымаць іх і перадаць сілавікам. Калі няма такой магчымасці – паспрабуйце іх зняць на тэлефон. Калі не можаце – раскажыце пра гэта іншым людзям, крычыце «правакатары». Калі не можаце, баіцеся – проста ўцякайце.

Калі вы плануеце выйсці ўвечары ў нядзелю на пратэст – выйдзіце сёння, у суботу ці цягам дня ў нядзелю ў выведку. Агледзьце мясцовасць, уявіце сабе, як будуць выглядаць вашыя дзеянні і дзеянні сілавікоў. Падумайце пра шляхі адыходу, калі будзе такая патрэба. Беражыце сябе!

Яны ведаюць, што мы ведаем пра іхныя планы. Цяпер гэта ўжо не таямніца.

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў