Меркаванага байца батальёну «Азоў» будуць судзіць у Віцебску паводле 4 артыкулаў


У Віцебскі абласны суд паступіла крымінальная справа па абвінавачванні 20-гадовага мясцовага жыхара меркаванага ўдзельніка баёў ва Украіне. Суд пачнецца 12 снежня.

«У Віцебскі абласны суд паступіла крымінальная справа ў дачыненні да Г., 1996 года нараджэння, паводле часткі 1 артыкулу 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні), частак 2, 3 артыкулу 339 (хуліганства), часткі 2 артыкулу 206 (рабаванне), часткі 2 артыкулу 343 (выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў)», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы суда.

Разам з меркаваным байцом «Азова» па справе праходзяць яшчэ 5 ягоных паплечнікаў. Праз тое, што справа датычыць «грамадскай маральнасці ў сферы палавога жыцця», судовы працэс будзе закрытым, адзначылі ў прэс-службе Віцебскага абласнога суда.

Сёлета ў красавіку прадстаўнікі Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі пры падтрыманні байцоў АМАПу затрымалі ў Віцебску 20-гадовага мясцовага жыхара на мянушку «Тэрор-Машына», які падазраецца ў здзяйсненні злоснага хуліганства ў дачыненні да малалетніх. Праваахоўныя органы таксама праводзілі праверку адноснага ягонага ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны ў складзе батальёну «Азоў».

Як гаварылася ў паведамленні МУС, у кастрычніку 2013 года малады чалавек «разам з футбольнымі фанатамі пад пагрозай гвалту прымусіў дваіх 13-гадовых падлеткаў адрачыся ад антыфашысцкага руху і прадэманстраваць нацысцкае прывітанне». Увесь працэс быў зняты на відэакамеру і выкладзены ў інтэрнэт.

Таксама праваахоўнікі размясцілі інфармацыю пра тое, што віцяблянін з 2014 да 2016 года ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны ў складзе батальёна «Азоў». «Пра гэта сведчыць канфіскаваная ў яго адпаведная вайсковая форма і два медалі «За доблесную службу» і «За мужнасць». Як мяркуецца, узнагароды беларус атрымаў за баі пад Ілавайскам і ў пасёлку Шырокіна. Таксама вядома, што віцяблянін ваяваў у якасці кулямётчыка і быў двойчы паранены. Не выключаны ягоны ўдзел у марадзёрстве і ўжыванні гвалту да мірнага насельніцтва», – інфармавалі ў МУС.

Факт наёмніцтва беларуса правяраюць праваахоўныя органы, гаварылася ў паведамленні.

Паводле звестак Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, у Віцебску падазраваны зʼяўляецца лідарам нефармальнага моладзевага фанацкага руху неанацысцкай скіраванасці, які прапагандуе ўльтраправыя ідэі. На грудзях у маладзёна ёсць татуіроўкі: злева – абрэвіятура «88», якая азначае «Хайль Гітлер», справа – герб асобага батальёну СС «Дзірлевангер». Прызначаная экспертыза гэтых татуіровак. «Вынікі даследаванняў будуць у аснове прававой ацэнкі дзеянняў, якія падпадаюць пад артыкул 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні)», – паведамілі ў МУС.

У пачатку сакавіка міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч заявіў, што ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны бяруць удзел каля 140 беларусаў. «У нас ёсць спіс асоб, якія, паводле нашых звестак, знаходзяцца ў зоне ўзброенага канфлікту ва Украіне і прымаюць удзел у баявых дзеяннях у той ці іншай форме, на тым ці іншым баку канфлікту. У спісе каля 140 чалавек», – сказаў кіраўнік МУС. Ён адзначыў, што МУС выконвае даручэнне следчых у дакументаванні дадзеных фактаў. Прававую ацэнку дзеянням чальцоў спісу будзе даваць следства.

У Беларусі нядаўна затрымалі таксама праваслаўнага святара-неанацыста з татуіроўкай свастыкі. Яго падазраюць у захоўванні боепрыпасаў.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў