Меркаванага арганізатара тэракту ў Пецярбургу вылічылі па тэлефоне


У панядзелак у Маскоўскай вобласці ФСБ затрымала меркаванага арганізатара тэракту ў метро Санкт-Пецярбургу, грамадзяніна Расеі Аброра Азімава.

Яго вылічылі падчас апрацавання тэлефонных кантактаў Акбаржона Джалілава, які здзейсніў самападрыў, паведамляе выданне «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы, блізкія да следства.

У аўторак новаму фігуранту суд абярэ меру стрымання, а яго раней арыштаваным паплечнікам следства плануе пачаць прадʼяўляць афіцыйныя абвінавачванні. Ва ўсякім разе, іх адвакатаў выклікалі ў цэнтральны офіс Следчага камітэту Расеі.

Паводле суразмоўцаў выдання, Аброр Азімаў быў адзіным з удзельнікаў тэрарыстычнага падполля, з кім Акбаржон Джалілаў звязваўся праз тэлефон перад самападрывам, відавочна, паведаміўшы пра тое, што ён гатовы да правядзення акцыі.

Глядзіце таксама:

Пасля тэракту, паводле следства, Азімаў спрабаваў схавацца – не зʼяўляўся на здымнай кватэры і пазбавіўся ад сваіх тэлефонаў. Аднак 17 красавіка ён набыў пару новых сотавых тэлефонаў і сім-карты. Актываваўшы адну з сім-картаў, піша «Коммерсант», ён выдаў сваё месцазнаходжанне і быў затрыманы.

НМ, belsat.eu, паводле Kommersant.ru

Стужка навінаў