Мэр Рыгі Ушакоў адхілены ад пасады праз карупцыйны скандал


Ніл Ушакоў адхілены ад пасады мэра Рыгі праз парушэнні ў сувязі са справай аб карупцыі ў муніцыпальнай транспартнай кампаніі Rigas Satiksme. Адпаведнае рашэнне міністра Латвіі Юрыса Пуце апублікавана на сайце афіцыйнага выдання ўрада краіны 5 красавіка.

Сярод прычын звальнення – нямэтавае марнаванне сродкаў і неналежнае выкананне абавязкаў па наглядзе над закупкамі Rigas Satiksme, піша dw.de. На працягу 30 дзён Ушакоў можа аспрэчыць рашэнне міністра ў судзе. Раней мэр Рыгі заяўляў пра намер аспрэчваць сваё адхіленне, калі яно адбудзецца.

У 2018 годзе ў Латвіі было распачатае расследаванне карупцыйнай справы ў муніцыпальнай транспартнай кампаніі Rigas Satiksme. Па гэтай справе былі затрыманыя некалькі высокапастаўленых супрацоўнікаў кампаніі, пяць сябраў праўлення падалі ў адстаўку. Са сваёй пасады раней таксама пайшоў віцэ-мэр Рыгі Андрыс Амерыкс.

30 студзеня супрацоўнікі Бюро па перадухіленні і барацьбе з карупцыяй (БПБК) Латвіі правялі ператрусы ў кабінеце Ніла Ушакова, а таксама ў яго доме. Пасля ператрусаў ён заявіў, што да яго не ўжыты ніякі статус і што ён не збіраецца сыходзіць са сваёй пасады.

«Маё сумленне чыстае», – сказаў мэр.

Hавiны
У мэра Рыгі зладзілі ператрус
2019.01.30 16:19

Апазіцыя ў рыжскім парламенце ініцыявала вотум недаверу да Ушакова, але не змагла сабраць неабходную колькасць галасоў.

Ніл Ушакоў займаў пасаду мэра Рыгі з 2009 года, акрамя таго з’яўляецца старшынём праўлення апазіцыйнай сацыял-дэмакратычнай партыі «Згода», якая адстойвае інтарэсы рускамоўнай часткі насельніцтва Латвіі і выступае за цесныя сувязі з Расеяй.

Hавiны
Дом мэра Рыгі належыць чыноўніку Раснафты
2019.01.31 17:25

СК belsat.eu

Стужка навінаў