Мэр Масквы заяўляе, што на мітынгу апазіцыі рыхтуюцца правакацыі


Мэр Масквы Сяргей Сабянін напісаў у «Тўітэры» што, паводле звестак праваахоўных органаў, на мітынгу за свабодныя выбары, які 27 ліпеня збіраюцца правесці незалежныя кандыдаты ў Маскоўскую гарадскую думу, «рыхтуюцца сур’ёзныя правакацыі, якія прадстаўляюць пагрозу бяспецы, жыццю і здароўю людзей».

Раней гарадскія ўлады не дазволілі праводзіць акцыю, адзначае «Медуза».

«Спробы ўльтыматумаў, арганізацыі беспарадкаў ні да чаго добрага не прывядуць. Парадак у горадзе будзе забяспечаны ў адпаведнасці з дзейным законам», – заявіў Сабянін.

Незалежныя кандыдаты ў Масгардуму з 14 ліпеня праводзяць масавыя акцыі з патрабаваннем рэгістрацыі на выбарах. 27 ліпеня яны збіраюцца зладзіць мітынг каля будынку мэрыі Масквы. Кожнаму з апазіцыянераў паліцыя ўжо прынесла паведамленні аб недапушчальнасці парушэння закона, а Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу па артыкуле аб перашкодзе працы выбарчай камісіі.

З 25 ліпеня паліцыя ладзіць ператрусы ў дамах незалежных кандыдатаў, затрымлівае іх і прывозіць у пастарункі на допыты – у тым ліку па начох.

У суботу ўвечары сілавікі прыйшлі з вобшукам у выбарчы штаб палітыка Іллі Яшына і да 80-гадовай бабулі кандыдата ў дэпутаты Масгардумы Канстанціна Янкаўскаса, а таксама спрабавалі трапіць у кватэру кіраўніцы штабу апазіцыянера Генадзя Гудкова.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў