Меню для Крамля і «Маўклівы сойм» 2.0

У Год Незалежнасці апынуцца перад пагрозаю зноўку гэтую незалежнасць страціць – яшчэ трэба пастарацца. А можа і пранясе, хто яго ведае. З афіцыйных паведамленняў – што Менску, што Масквы – цяжка зразумець, чым скончылася пераднавагодняя сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Крамлі. Як, дарэчы, усцяж мы не ведаем пра вынікі вераснёўскай сустрэчы ў Сочы, хоць распавесці пра іх нам абяцалі неаднойчы.

Дзе ж не хапае словаў, даводзіцца зазіраць між імі.

Бульба і сала – у падарунак Крамлю

Зрабіць крок насустрач, стварыць чарговую працоўную групу, працягнуць дамаўляцца пра дваццаць гадоў дамоўленае… Ува ўсім гэтым пратакольным шалупінні, бадай, найбольш насцярожваюць не справаздача крамлёўскага прэс-сакратара Дзмітрыя Пяскова, а… чатыры мяхі бульбы і сала, падораныя Лукашэнкам Пуціну яшчэ ў часе папярэдняга візіту, пра якія цяпер паведаміла беларуская калега Пяскова Наталля Эйсмант. То бок замест вынікаў апошняй сустрэчы па схеме «бочка нафты замест незалежнасці» – гастранамічныя забаўкі. Маўляў, трымайце – абмяркоўвайце.

Фота
Лукашэнка прывёз Пуціну 4 мяхі сартавой бульбы. Фотафакт
2018.12.29 23:34

Ну добра, абмяркуем. Бульбы і сала падарыў: маўляў, Ладзімірладзімірыч сала вельмі любіць, сам перадзамову зрабіў! Прыгожая байка, аднак, не вельмі зрастаецца з чуткамі пра маніякальны страх Пуціна быць атручаным, з-за чаго ён нібыта не давярае сваё харчаванне нікому акрамя ўласнага кухара. І тут раптам – ссабойка з Драздоў!

Дарэчы, хто-небудзь ведае, што ў адказ Пуцін падарыў Лукашэнку? І ці падарыў хоць штосьці наагул? Бо калі ў аднабаковым парадку, то нагадвае не святочны прэзент, а, хутчэй, нейкую даніну. Ну і мы ж усе цудоўна ведаем, каго савецкія людзі называюць «бульбашамі» і «салаедамі». Дык вось. Можа Пуцін і не пакаштуе Лукашэнкавых падарункаў асабіста, але ці адмовіцца Крэмль ад магчымасці праглынуць Беларусь ды Украіну – адказ на гэтае пытанне відавочны.

Чацвёрты падзел Рэчы Паспалітай?

Але што ўсё-ткі з апошняй сустрэчай? Гартаю афіцыйныя сайты Лукашэнкі і Пуціна, гартаю беспарольную «Белту» – слухайце, ну маўчаць жа! Тры з паловай гадзіны сур’ёзна размаўлялі пра далейшае іхнае суіснаванне ў гэтым цяжкім тленным свеце – і нічога па сутнасці?

ВІДЭА
Пуцін пайшоў ганяць шайбу пасля сустрэчы з Лукашэнкам. Кіраўнік Беларусі адмовіўся гуляць з ім у хакей
2018.12.29 19:46

Між тым, як нагадвае гісторыя, маўчанне азначае згоду. Менавіта гэтымі словамі быў замацаваны Другі падзел Рэчы Паспалітай 23 верасня 1793-га году ў Горадні, дзе сабраныя ў каралеўскім замку, аточаным расейскімі грэнадзёрамі і гарматамі з запаленымі кнатамі, на апошні Надзвычайны Сойм краіны паслы на знак пратэсту маўчалі, што і было, у выніку, прызнанае акупантамі за адзінагалосную згоду.

Для падмацавання гістарычнай паралелі сёння ў Крамля рычагоў больш чым дастаткова. Гэта і палітычная ды эканамічная залежнасць Беларусі ад Расеі, і сетка прарасейскіх арганізацыяў па ўсёй нашай краіне, і фактычная адсутнасць мяжы паміж краінамі, з расейскага боку якой ужо два з паловаю гады стаяць разгорнутыя базы будучых «ветлівых грэнадзёраў». І нават генерал-губернатар – Бабіч – і той маецца.

Між тым калі гісторыя паўтараецца, то не варта забывацца і пра тое, што было пасля «Маўклівага сойму». А гэта – антырасейскае паўстанне, і не адно. І – вяртанне незалежнасці.

Дый, урэшце, нават калі маўчыць Лукашэнка, то яшчэ застаецца слова за намі. Праўда?

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў