Менскія валанцёры выратавалі замураваных у скляпеннях катоў


Старшыня таварыства ўласнікаў дамоў на вуліцы Лынькова Васіль Стах замураваў бяздомных катоў у сутарэннях шматпавярховікаў. Жывёліны былі асуджаныя на пакутніцкую смерць ад голаду і смагі. Група валанцёраў прыехала на месца, каб уратаваць тых, хто выжыў. Разам з валанцёрамі была здымачная група «Белсату».

Сутарэнні, дзе знаходзіліся каты, былі зачыненыя, на вокнах – краты, праз якія жывёліны не маглі выбрацца. Са старшынём таварыства ўдалося дамовіцца, каб ён часова адчыніў дзверы і валанцёры змаглі адлавіць катоў. Тых, што засталіся жывыя пасля некалькіх дзён без ежы і вады.

На месцы валанцёры знайшлі некалькі дохлых кацянятаў, іншыя былі на мяжы паміж жыццём і смерцю.

Нягледзячы на прыняты нядаўна закон, прыцягнуць асобу да адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёлінамі, няпроста. Праўнікі гавораць, што пакуль што артыкул аб жорсткім абыходжанні з жывёлінамі «не працуе». «Суддзі з гэтым яшчэ нават не сутыкаліся, а дамагчыся паступлення такіх матэрыялаў у суд нават паводле Адміністрацыйнага кодэксу, дагэтуль было немагчыма», – гаворыць праўнік Святлана Харэвіч.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў