Менскія ўлады забаранілі пікет за новыя працоўны месцы


Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Кулак атрымаў адмоўны адказ на просьбу зладзіць пікет у цэнтры Менску каля ГУМа. Пікет мусіў адбыцца 7 лістапада пад лозунгам стварэння мільёна працоўных месцаў на беларускіх прадпрыемствах.

У сваім лісце чыноўнікі з Менскага гарвыканкаму спаслаліся на парушэнне артыкулу 5 Закона аб масавых мерапрыемствах. Артыкул прадугледжвае забеспячэнне грамадскага парадку і бяспекі пры правядзенні масавага мерапрыемства; а таксама меры, звязаныя з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства.

Віктар Кулак мяркуе, што насамрэч прычына адмовы палягае не ў супярэчнасці артыкулу заканадаўства.

«Мільён працоўных месцаў могуць з’явіцца толькі пасля правядзення рэформаў. А Лукашэнка сказаў падчас інаўгурацыі, што мы абыходзіліся без рэформаў і правільна рабілі. Пры гэтым ён сказаў, што рэформы патрэбныя, але так і не патлумачыў якія. Такая вось калізія. Чыноўнікі папросту лічаць, што выбары скончыліся і хопіць таго «разгулу дэмакратыі», які быў напярэдадні дня галасавання. Яны, відаць, палічылі, што хопіць і пікетаў Статкевіча, Някляева і Лябедзькі. На іншыя яны згоды не дадуць», – гаворыць актывіст.

Ён паведаміў, што ізноў падасць заяўку на правядзенне пікета з патрабаваннем канкрэтызаваць сваё рашэнне ў выпадку адмовы.

Любоў Лунёва, belsat.eu

Стужка навінаў