Менскія таксісты правялі стыхійную акцыю пратэсту


Кіроўцы ўсіх дыспетчарскіх службаў сталіцы кажуць, што «Uber» стаў апошняй кропляй. Сталічныя таксісты сабраліся, каб абмеркаваць, як працаваць далей ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі і нізкіх тарыфаў, піша TUT.by

Як тлумачаць самі таксісты, яны павінны плаціць падаткі, павышаную страхоўку, дарожны збор двойчы на год, абаненцкую плату дыспетчарам службы, а таксама несці шэраг іншых выдаткаў. «Uber» вольны ад такога фінансавага цяжару і таму можа зніжаць кошты.

Кіроўцы наракалі, што дзяржава «выціскае з іх усе сокі, штрафуе, карае і нічога не дае наўзамен».

Апошнім разам тарыфы на праезд у таксоўцы павышаліся, калі долар каштаваў Br 8 000. Цяпер яны працягваюць ездзіць за Br 6 500 за кіламетр. Некаторыя дыспетчарскія службы прывязалі тарыфную абаненцкую плату для таксістаў да курсу долара, які істотна вырас.

Удзельнікі сходу не выключалі масавых акцыяў пратэсту. Яны пагражаюць выехаць на МКАД і «спыніць горад».

Таксісты патрабуюць:

– роўных умоваў працы для ўсіх, хто ажыццяўляе пасажырскія перавозкі ў Менску;

– узмацнення адказнасці для нелегальных таксістаў;

– стварэнне легальных стаянак таксі ва ўсіх раёнах і каля ўсіх абʼектах масавага адпачынку менчукоў;

– павышэння тарыфаў на перавозку да эканамічна выгадных;

– паслаблення кантролю за іх дзейнасцю з боку кампетэнтных органаў.

Варта адзначыць, што сёлета хваля пратэстаў супраць сэрвісу «Uber» пракацілася па ўсім свеце: у Францыі таксісты блакавалі дарогі і палілі шыны, у Венгрыі больш за 100 аўтамабіляў таксі перакрывалі адну з цэнтральных вуліцаў сталіцы.

У сталіцы на сёння працуе каля 6 000 легальных таксістаў.

ЮВ, belsat.eu, паводле tut.by

Стужка навінаў