Пакарыцелі высотак распавялі пра менскія дахі з самымі прыгожымі відамі, пра адносіны з міліцыянтамі і пра перажыванні бацькоў.
Руфінг (ад ангел. Roof – дах) – пераважна моладзевае захапленне, звязанае з пранікненнем і перабываннем на дахах / верхавінах высотных абʼектаў.
Менскія руферы Sektant (17 гадоў) і Мэт (16 гадоў) вядуць тэматычны канал на Youtube.
Як даўно захапляецеся гарадскім экстрымам? Ці можаце сябе назваць мацёрымі руферамі?
S: Хутчэй, дасведчанымі. Я займаюся прыкладна два гады.
М: Скажам так, большая частка жыхароў Менску не бачылі таго, што бачылі мы.
Што ў нашай краіне пагражае аматарам палазіць па дахах? Адміністрацыйны штраф? Суткі?
М: Калі не займацца вандалізмам, у прынцыпе, адказнасці руфер несці не павінныя. Бо няма ж закона, які забараняе чалавеку рызыкаваць уласным жыццём? Любы дах – ахоўны абʼект. На тыя, што ну вельмі сурʼёзна ахоўваюцца, мы пакуль не залазілі. Можа, таму і штрафаў яшчэ не плацілі.
Якія інструменты ляжаць у руферскім заплечніку: «разваднік», «балтарэз», «адкрывашка дамфону»?
S: У новабудоўлю бярэм квадратныя аконныя ключы, незаменныя пальчаткі, бо, калі падчас «залазу» чапляешся за нейкія тонкія абʼекты, моцна рэжаш далоні. Зручны абутак – кросы. Часам выкарыстоўваем электрашокер для адкрыцця дамафонных дзвярэй, ён іх не псуе, ды і спрацоўвае толькі ў 50% выпадкаў.
Электрашокер можна пайсці і купіць?
М: На Экспабеле. Дакументы нават не патрэбныя – легальны сродак самаабароны.
Калі Раскалаў (украінска-расейскі руфер) гасцяваў у Менску, кампанія начавала ў вежы дому на праспекце наўпрост насупраць будынку КДБ. У Маскве ён штурмаваў зорку на шпілі МДУ, да якой вядзе цэлы паверх, аддадзены супрацоўнікам ФСБ і іншым сілавікам…
S: На такія авантуры мы яшчэ не адважваліся.
А на сам будынак КДБ у тэорыі маглі б забрацца?
S: Гэта было б цікава.
Пасля паездкі на даху тралейбуса адзін з вас трапіў у міліцыю. Як прынялі ў пастарунку?
S: Таго выпадку магло і не быць. З паездкі вяртаўся назад на метро, у падземным пераходзе дастаў камеру і пачаў праглядаць тое, што зняў. Па іроніі лёсу падышоў міліцыянт і звярнуў увагу.
Беларуская міліцыя жорстка абыходзіцца з экстрэмаламі? Або на першы раз прабачаюць?
S: Звычайна ўсё сканчаецца прафілактычнай гутаркай. За «тралейбус» мяне адправілі на прыём да псіхолага. Прапанавалі на выбар: штраф 10 млн або псіхолаг. Выбар відавочны. Калі цябе заўважаць на даху, спусцяць уніз і абшукаюць. Калі інструментаў для ўзлому ў цябе не будзе, і ты наверсе не займаўся вандалізмам, хутчэй за ўсё, паўшчуваюць і адпусцяць. З намі пакуль прыкладна так і адбывалася.
А адкуль адкрываецца самы захапляльны від на беларускую сталіцу?
S: З «Royal Plaza» на Нямігу прыемна было б зірнуць, з «Ветразі» накшталт выгляд горай.
Вашыя бацькі ведаюць аб захапленні сыноў?
S і М: Так.
І як на яго глядзяць?
S: Бацькі даведаліся пра ўсё з Інтэрнэту. Былі сурʼёзныя гутаркі, забароны… Цяпер даводзіцца хаваць «залазы» ад маці, бо абяцаў ёй усё спыніць. Калі мама глядзела нашыя відэа, плакала – сын можа аднойчы не вярнуцца дадому.
І што, матчыны перажыванні таго каштуюць?
S: Так.
НМ, belsat.eu, паводле «Прэссбол»