Менскія кіроўцы пра дарогі: «Грошай столькі няма, каб на рамонты аўтамабіляў аддаваць»


Прыйшла вясна, і ў камунальных службаў з’явілася новая праблема: як залатаць нашыя дарогі ад калдобінаў і ямінаў. Пры гэтым шмат хто заўважае, што стан сталічных дарог яшчэ ніколі не быў такі дрэнны. Але камунальнікі не вельмі спяшаюцца вырашаць гэтую праблему.

Фота: Марыя Арцыбашава

У сацыяльных сетках, на форумах менскія кіроўцы скардзяцца: немагчыма заехаць у двары, яміна на яміне. Карэспандэнты Belsat.eu прайшліся па некалькіх сталічных дварах і на свае вочы пабачылі, у якім стане дарогі. Распыталі і саміх кіроўцаў. Натуральна, яны не задаволеныя абставінамі. Бо каму хочацца знішчаць сваё аўта? Вось, што мы пачулі.

Фота: Марыя Арцыбашава

«Стараюся пакуль на машыне моцна не катацца, бо ну яго! Хай спачатку адрамантуюць хаця б збольшага. Грошай столькі няма, каб на рамонты аддаваць пастаянна».

«Я тэхагляд не праходжу ўжо трэці год не з-за таго, што аўта не ў належным стане, а проста плаціць падатак на такія дарогі – навошта? Фатаграфую гэтыя яміны і ДАІ паказваю, калі спыняюць. Шмат хто разумее і адпускае».

Фота: Марыя Арцыбашава

«Машына на КАСКА [поўная страхоўка, больш дарагая ў параўнанні са звычайнай. – Belsat.eu], то мне ўсё роўна. Калі б не страхоўка, каталася б на трамваі».

«А што тут зробіш? Ці ёсць нейкі шанец скардзіцца на дзяржаву? І каму?» – задае фактычна рытарычнае пытанне адзін з менскіх кіроўцаў.

Фота: Марыя Арцыбашава

І праўда, каму? Мы паспрабавалі звязацца з камунальнікамі і даведацца, чаму менскія дарогі ў дварах у такім дрэнным стане. У адказ пачулі: «праблему ведаем, чакалі, пакуль канчаткова сыдзе снег і больш-менш усталюецца надворʼе, будзем рабіць усё паступова, бо за кароткі час нічога не робіцца».

Фота: Марыя Арцыбашава

Коратка і ясна. Супрацоўнікі, якіх удалося злавіць непасрэдна на месцы працы, таксама шмат сказаць не могуць: «робім, што загадваюць, а ці ёсць грошы на ўсё – не ведаем, нашая справа – простая».

Фота: Марыя Арцыбашава

Застаецца толькі чакаць, калі нашыя дарогі параўняюцца з еўрапейскімі, бо ўсё ж Беларусь – цэнтр Еўропы! Прынамсі так нам кажуць яшчэ ў школе на ўроках геаграфіі. А стан дарог і па сёння – «як у Крыме», як параўнаў адзін з апытаных намі кіроўцаў.

Марыя Арцыбашава, Belsat.eu

Стужка навінаў