Менскія ідэолагі забаранілі канцэрт змрочнага гурта IC3PEAK


Тульскі гурт IC3PEAK адмяніў сённяшні канцэрт у Менску. Пра гэта «МБХ медиа» паведаміў менеджар гурта Алег Мітрафанаў.

«Мы цяпер у Менску. Літаральна гадзіну таму на пляцоўку, дзе ў нас павінен быў адбыцца канцэрт, патэлефанаваў працаўнік ідэалогіі з мясцовага выканкаму і настойліва рэкамендаваў не праводзіць канцэрт», – распавёў Мітрафанаў.

Паводле яго, менскія чыноўнікі пагражаюць закрыць клуб «Брюгге», дзе планаваўся выступ.

«У нас ёсць гастрольнае пасведчанне, поўны sold out, у клубе 600 чалавек, на званкі яны не адказваюць, а пляцоўцы спрабуюць пагражаць закрыццём і пошукам парушэнняў, калі канцэрт адбудзецца», – сказаў менеджар.

Тульскі гурт IC3PEAK – дуэт Насці Крэслінай і Мікалая Кастылёва. Яны робяць электронную музыку ў стылі віч-хаўс (Witch house ў даслоўным перакладзе – «дом вядзьмаркі» або вядзьмарскі house – павольная версія музыкі ў стылі house) і змрочных рэйваў 2000-х.

Пра забарону канцэрта ў сваім Telegram-канале таксама паведаміў кіраўнік міжнароднай праваабарончай групы «Агора» Павел Чыкаў.

«За спінамі ідэалагічных працаўнікоў маячаць зялёныя мундзіры афіцэраў КДБ Беларусі», – напісаў Чыкаў.

З 17 лістапада гурт IC3PEAK знаходзіцца ў туры з новым альбомам «Сказка». 22 лістапада лістапада расейскія паліцыянты спрабавалі сарваць выступ музыкаў у Ніжнім Ноўгарадзе – канцэрт удалося правесці, змяніўшы некалькі пляцовак. 23 лістапада ў Казані сілавікам усё ж удалося сарваць выступ музыкаў. Пазней музыкі паведамілі, што вымушаныя адмяніць канцэрт у Варонежы праз праверкі МНС і перанесці яго на іншую пляцоўку. Таксама былі спробы сарваць канцэрты ў Пермі, Новасібірску і Саратаве.

У кліпе на трэк «Смерти больше нет» з альбому «Сказка» удзельнікі гурта рыхтуюцца да самаспалення на прыступках расейскага дому ўрада і ядуць мяса каля маўзалея з Ленінам.

ЮВ, belsat.eu, паводле mbk.news

Стужка навінаў