Менскія байкеры-гусары зрабілі фурор у Еўропе


17 тысячаў чалавек з усяго свету паглядзелі відэа менскай майстэрні «Сталёвая спадчына» з матацыклістамі ў гусарскіх даспехах Рэчы Паспалітай першай паловы XVII стагоддзя.

Відэа «Рыцары дарог» з’явілася ў «Фэйсбуку» у сераду – напярэдадні гадавіны бітвы пад Венай. На ім бачныя два матацыклісты ў копіях гусарскіх даспехаў з характэрнымі крыламі.

Ролікам на сваіх старонках ужо падзяліліся больш за 300 чалавек з розных краінаў.

«Прабачце, вы не бачылі тут туркаў?», – пажартаваў італьянскі карыстальнік Яры Версары.

«Вось так мы адзначаем гадавіну вызвалення Вены», – дадаў іншы ягоны суайчыннік.

Найбольшую цікавасць фільм выклікаў у палякаў.

«Экстравагантна, але наколькі ж эфектна», – пракаментаваў відэа Міхал Травіцкі з-пад Гданьску.

«Файнае было б гэткае суправаджэнне прэзідэнта на «Сокалах» або «Юнаках» [Маркі польскіх матацыклаў. – Заўв. «Белсат»], – напісаў Тамаш Вольскі з Варшавы.

Аўтары роліку з гусарамі ў размове з «Белсатам» распавялі, што займаюцца вырабам даспехам на замову. Строі матацыклістаў з відэа не прызначаныя, аднак, для байкераў – яго запісалі падчас дазволенай імпрэзы.

«У гэтых даспехах не прадугледжаныя неабходныя элементы абароны матацыкліста, – кажа платнер Канстанцін Дудараў. – Гэтае відэа было знятае даўно ў сувязі з нейкім мерапрыемствам. Мы апублікавалі яго як кантэнт нашай старонкі ў «Фэйсбуку» – і як рэкламу канешне».

Паводле Дударава, попыт на такія даспехі ў Беларусі і свеце невялікі, але ёсць.

«Гэта вельмі вузкі профіль», – кажа спецыяліст.

Каб зрабіць даспехі як на відэа, спатрэбіцца мінімум паўгода – пры ўмове, што майстар будзе займацца выключна гэтай замовай.

Гусарскі даспех як на відэа будзе каштаваць крыху больш за $ 9000.

Бітва пад Венай паміж польска-аўстрыйска-нямецкімі войскамі пад камандаваннем Яна III Сабескага і арміяй Асманскай імперыі адбылася 12 верасня 1683 года. Ключавую ролю ў ёй згулялі элітныя аддзелы польска-літоўскай кавалерыі – крылатыя гусары, якія спецыялізаваліся на праломліванні ворага канцэнтраваным дзідавым ударам.

Перамога хрысціянаў паклала канец заваяванням туркаў у Еўропе, а Аўстрыя на доўгія гады стала наймацнейшай дзяржавай Цэнтральнай Еўропы.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў