Менскі метрапалітэн: Пасажыры маглі прыняць за сутыкненне рыўкі пры счэпцы цягнікоў


Прэс-служба Менскага метрапалітэна пракаментавала паведамленні пра сутыкненне цягнікоў.

28 верасня на маскоўскай лініі менскага метро спынялі рух.

Прэс-сакратар Менскага метрапалітэну Андрэй Дроб у размове з Tut.by патлумачыў прычыну:

«Быў прызначаны дапаможны цягнік, які здзейсніў сцэпку для вываду няспраўнага цягніка з танэлю. Машыніст перайшоў на рэзервовую схему кіравання для самастойнага руху. Пасля была здзейсненая расчэпка, і цягнік самастойна выехаў на станцыю «Плошча Леніна».

Адразу пасля інцыдэнту людзі ў сацсетках і на форумах пісалі пра штуршкі, якія яны чулі падчас знаходжання ў вагонах цягнікоў. На думку некаторых, прычынай штуршкоў стала сутыкненне двух цягнікоў.

Сведка інцыдэнту Паліна знаходзілася ў вагоне, які прыкладна а 17:40 – 17:50 рухаўся са станцыі «Кастрычніцкай» да «Плошчы Леніна». Раптам пасажыры адчулі пах гару і цягнік пачаў буксаваць. Сувязі з машыністам пры гэтым не было.

«Праз некалькі хвілінаў у нас уехаў цягнік – то бок не спрацавала аўтаматычная сістэма, якая папярэджвае, што наперадзе ёсць іншы цягнік. Ад удару ўсе паваліліся. Я не бачыла, каб хтосьці цяжка пацярпеў, але вось я ўдарылася галавою. Цяпер выклікалі «хуткую», каб зафіксаваць, што са мною здарылася», – распавяла Belsat.eu Паўліна.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў