Менскі кінафестываль «Лістапад» належыць да міжнароднай катэгорыі «А»?

Сяргей
Філімонаў

Удзень 1-га лістапада ў кінатэатры «Цэнтральны» адбылася прэс-канферэнцыя зборнай каманды сяброў журы розных конкурсаў фестывалю. Палова прыехала да нас з развітых кінематаграфічных краін (Нямеччына, Бельгія, Аргентына), яшчэ палова – з постсавецкіх тэрыторый.

Кінафестываль «Лістапад» 2019. Фота: «Белсат»
Вядоўца Яўген Перлін. Кінафестываль «Лістапад» 2019. Фота: «Белсат»

Сэнс імпрэзы быў у тым, каб прэзентаваць усе склады журы аматарам кіно. Слоган «Лістапада» «У бок радасці!». Таму прысутным сябрам журы прапанавалі згадаць па дзве стужкі, якія выклікаюць у іх радасць. Госці з развітых краін нібы тыя дзеці пачалі распавядаць пра яскравыя камедыі Чарлі Чапліна, японскія анімацыі, камедыі Альмадовара… Украінская рэжысёрка распавяла, што яна ўчора ўбачыла ў цэнтры Менску помнік Леніну і адразу згадала пра фільм «Бывай, Ленін». Яна шчыра зычыць таго, што адбылося ў фільме, беларускаму народу. Прадстаўнікі ж постсавецкіх краінаў казалі пра цемру і безнадзейнасць сучаснага расейскага кіно. Праўда, адзін з іх нават заявіў пра «сваю радасць», што ён разумее «ідэйныя напрамкі развіцця»!

Кінафестываль «Лістапад» 2019. Фота: «Белсат»

Цырымонія адкрыцця «Лістапада» адбылася ўслед у кінатэатры «Масква». Невядома з якой нагоды ў холе сюды-туды шпацыравалі статысты ў касцюмах XVIII стагоддзя. У натоўпе журналістаў, якія вялі рэпартажы адтуль, сям-там можна было заўважыць вядомыя твары. У натоўпе гасцей вядомых твараў было меней.

Але прыемна, што на такіх імпрэзах яшчэ можна сустрэць сапраўды заслужаных дзеячаў беларускай культуры. Аляксандр Яфрэмаў (знакаміты рэжысёр) цешыўся, што «Лістапад» удалося захаваць, і што фестываль нясе радасць беларускай інтэлігенцыі.

Рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў. Фота: «Белсат»

Праўда, некаторыя з ліку знаёмых менскіх чыноўнікаў не ведалі нават, які фільм будуць паказваць на гэтай цырымоніі. Галоўным для іх было тое, што гэта – статутная імпрэза, дзе неабходна прысутнічаць.

– Вось спрабуеш разабрацца ў сэнсах цяперашняга «Лістапада» і на кожным кроку кідаецца ў вочы нібы канфлікт паміж энтузіястамі арганізатарамі і мясцовым чынавенствам. Гэта сапраўды так? Яны спрабуюць вашае захапленне выдаць за свае заслугі? – задаў я пытанне Ігару Сукманаву.

– Так, без барацьбы не абыходзіцца. Мы спрабуем рушыць у бок цывілізацыі, выйсці на глабальны ўзровень. А ёсць пэўная частка чынавенства, якая цягне ў «шчаслівае савецкае мінулае», у Азію, на Ўсход. Змены, канечне, адбываюцца. Але шлях, здаецца, яшчэ доўгі, – адказаў Ігар.

Кінафестываль «Лістапад» 2019. Фота: «Белсат»

На экране кінатэатра «Масква» паказвалі нарэзку з фрагментаў фільмаў удзельнікаў фестывалю. У якасці агучкі была музыка з саксафонам і спякотнымі спевамі мясцовай поп-спявачкі. Нібы ў якім гламурным рэстаране.

Генадзь Давыдзька і Таццяна Караткевіч. Кінафестываль «Лістапад» 2019. Фота: «Белсат»

Віншаваць наведнікаў выйшаў афіцыйны старшыня фестывалю Генадзь Давыдзька. Ён сказаў, што ў Беларусі 26 гадоў таму «панавалі разруха, голад і непарадак». І што «бацька прэзідэнт Лукашэнка даў надзею і святло мясцовай інтэлігенцыі, дазволіўшы «Лістапад». І што «цяпер гэта кінафестываль міжнароднай катэгорыі «А»».

Генадзь Давыдзька. Кінафестываль «Лістапад» 2019. Фота: «Белсат»

Трэба адзначыць, што катэгорыя «А» мае на ўвазе шэраг патрабаванняў (рынак, бізнес, сусветныя прэм’еры і г.д.), пра якія ў выпадку нашага «Лістапада» казаць немагчыма. Выкананню ўсіх такіх патрабаванняў перашкаджае імкненне часткі беларускага чынавенства ў «савецкае мінулае». А што датычыць энтузіястаў? Мяркую, яны здольныя ажыццявіць сваю мару – зрабіць калі-небудзь «Лістапад» фестывалем катэгорыі «А».

Кінафестываль «Лістапад» 2019. Фота: «Белсат»

Глядзі таксама

Больш матэрыялаў