Менскі аэрапорт некалькі гадзінаў прастаяў без святла. Зноў


Прыблізна з 4 да 9 раніцы 29 верасня ў менскім аэрапорце не было электрычнасці.

Пасажырам давялося чакаць свае рэйсы ў цемры.

Паводле некаторых пасажыраў, адміністрацыя аэрапорту не выходзіла на сувязь і не паклапацілася належным чынам пра сваіх кліентаў.

«Інфармацыі ніякай няма, нікому нічога не кажуць, камп’ютары не працуюць, разметка не працуе, касы і стойкі рэгістрацыі таксама. Дзеці спяць на падлозе. Адміністрацыя на сувязь не выходзіць, людзям не прапанавалі нічога – ні вады, ні ежы. Некалькі хвілін таму па гучнай сувязі абвясцілі пажарную трывогу і тэрміновую эвакуацыю», – паведаміла TUT.BY Вольга, яна знаходзілася ў аэрапорце з 6-й раніцы.

Святло ў менскім аэрапорце знікла а 4:22. Большасць авіярэйсаў, якія былі затрыманыя, ужо здзейснілі пасадку.

Крыніца: airport.by па стане на 11:00

Паводле «Белэнерга», праблема з электрычнасцю вынікае з тэхнічнай няспраўнасці абсталявання Нацыянальнага аэрапорту.

«Раніцай 29 верасня ажыццяўлялася надзейнае электразабеспячэнне Нацыянальнага аэрапорту. Высакавольтныя лініі 110 кВ і абсталяванне падстанцыі «Аэрапорт» якое належыць РУП «Менскэнерга» працавалі без збояў».

Паводле прэс-сакратара аэрапорту Раміны Саматханавай, «былі перабоі ў электраснабжэнні».

Каментары пад заяваю «Белэнерга» на «Facebook’у».

Святло ў Нацыянальным аэрапорце знікае не ўпершыню. 13 верасня а 22.05 прыкладна на 45 хвілін аэрапорт працаваў на аўтаномных крыніцах асвятлення.

Збой у працы аэрапорту паўплываў на расклад вылетаў і прылётаў шэрагу рэйсаў.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў