Актывістка АГП з Берасця Людміла Захарэнка напісала скаргу ва Упраўленне аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Менгарвыканкаму на дзеянні нодаўцаў.
2 кастрычніка яна атрымала адказ за подпісам начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Александра Купчэні.
Згодна з нормамі артыкулу «Аб масавых мерапрыемствах у РБ» рашэнне аб дазволе на правядзенне масавага мерапрыемства прымае кіраўнік мясцовага выканаўчага і распарадчага органа або яго намеснік, што не ўваходзіць у кампетэнцыю органаў унутраных справаў Беларусі.
Паводле звестак, арганізатары аўтапрабегу не звярталіся ў Менгарвыканкам па дазвол аб правядзенні райду. Дадаткова ўстаноўлена, што ўдзельнікі аўтапрабегу не парушылі дзейныя нормы закона, а таксама правілаў дарожнага руху нашай краіны.
Калона актывістаў расейскай арганізацыі «Национально-освободительное движение» (НОД) увечары 18 верасня праехала па менскіх вуліцах.
Актывісты арганізацыі зладзілі аўтапрабег па Беларусі ў межах «Усерасейскага гуманітарнага аўтапрабегу і хроснага ходу «Вялікая Расея». Актывісты кажуць, што такім чынам збіраюць гуманітарную дапамогу жыхарам ЛНР/ДНР. Падчас аўтапрабегу актывісты агітавалі за Уладзіміра Пуціна. Пазней машыны актывістаў бачылі ў Берасці і Гомлі.
Міліцыя не бачыць парушэнняў у акцыі прарасейскіх актывістаў, затое рэгулярна штрафуе і дае содні беларускім актывістам.
СА belsat.eu