У чацвер футбольны клуб «Дынама» (Менск) у межах 3-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы прайграў санкт-пецярбургскаму «Зеніту».
Пасля сенсацыйнае перамогі ў Менску тыдзень таму (4: 0) сталічнае «Дынама» праваліла ў Санкт-Пецярбургу матч у адказ.
Асноўны час скончыўся з лікам 4: 0 на карысць «Зеніту», быў прызначаны дадатковы час. На 99-й хвіліне «Дынама» забівае: 4: 1. Пасля гэтага «Зеніту» неабходна было забіваць мінімум два мячы, і клуб гэтую задачу перавыканаў: выніковы лік – 8: 1.
Герой матчу Арцём Дзюба, які забіў тры галы, на пытанне «Championat.com», што б ён адказаў кіраўніку Беларусі пра «распальцоўку» гульцоў «Зеніту» у Менску, футбаліст сказаў, што «адказваць не будзе».
«Бацьку мы паважаем. Ён добры. Беларусы нашыя браты, мы іх паважаем. Яны змагаліся. Я амаль кожнаму пасля матчу паціснуў руку. Я проста казаў, што заўзятары «Дынама» раздухарыліся. Бачыў, што яны нешта прыдумалі пра мяне. Ім таксама прывітанне. Добра, што мы даказалі: «Зеніт» ёсць «Зеніт», – сказаў Дзюба.
У тым, што «Зеніт» распалілі словы Лукашэнку пра хаджэнне піцерцаў у Менску «на карачках», прызнаўся і трэнер каманды Сяргей Сямак.
«Вядома ж, усю каманду закранулі словы пра тое, што ў Менску мы поўзалі на карачках. Гэта аказалася для нас дадатковым стымулам. Дзякуй вялікі. Гэта заўсёды па-добраму разахвочвае, – сказаў Сямак. – У сваю чаргу хачу падзякаваць «Дынама». Яны вялікія малайцы. Стараліся. Але сёння мы былі лепш. Хоць у Менска вельмі-вельмі сімпатычная каманда».
У чацвёртым раўндзе кваліфікацыі Лігі Еўропы «Зеніт» сустрэнецца з нарвежскім «Мольдэ». А менскае «Дынама» рыхтуецца да гульняў чэмпіянату Беларусі. Матч з «Гарадзеяй» – ужо ў нядзелю.
ДД