Менск звярнуўся да Масквы з новай просьбай праз кепскую якасць нафты


Генеральны дырэктар ААТ «Нафтан» Аляксандр Дзямідаў заявіў, што Менск накіраваў зварот у «Транснефть» з просьбай павялічыць прапампоўванне па нафтаправодзе Сургут-Полацк, паведамляе агенцтва «РИА Новости». Паводле яго словаў, тэхнічныя магчымасці для гэтага ёсць, а сам трубаправод цяпер працуе толькі на 10 % ад сваёй магутнасці.

Дзямідаў патлумачыў гэтую просьбу тым, што на паўднёвай галіне нафтаправоду «Дружба» было зафіксавана паступленне няякаснай нафты. Пры гэтым у «Нафтане» (у адрозненне ад Мазырскага НПЗ) ёсць магчымасць атрымліваць нафту з абодвух галінаў.

У сваю чаргу, генеральны дырэктар «Гомельтранснефть Дружба» Алег Барысенка адзначыў, што ўтрыманне хларыдаў у нафце з Расеі перавышае норму ў 17 разоў, аднак пакрысе якасць паляпшаецца.

Адначасова намеснік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімір Сізоў распавёў пра часовыя абмежаванні экспартных паставак нафтапрадуктаў з Беларусі за мяжу.

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што, паводле інфармацыі расейскага боку, сітуацыя з якасцю нафты павінна паляпшацца кожныя суткі. Паводле яго словаў, 23 красавіка прадстаўнікі беларускіх НПЗ накіруюцца ў «Транснефть» для абмеркавання сітуацыі.

У расейскай кампаніі «Транснефть» пацвердзілі праблемы з якасцю нафты, якая паступае ў Беларусь па «Дружбе». У кампаніі паабяцалі, што праблема будзе ліквідаваная да пачатку наступнага тыдня.

Hавiны
Пазаштатная сітуацыя: Беларусь часова абмяжуе экспартныя пастаўкі нафтапрадуктаў
2019.04.21 14:00

СК belsat.eu паводле rbc.ru

Стужка навінаў