Менск ці Кіеў: пара мігрантаў з Беларусі параўноўвае дзве сталіцы


Восем месяцаў таму сям’я беларускіх журналістаў, Дзяніс і Вікторыя Лаўнікевіч, свядома змяніла Менск на сталіцу Украіны. Пара распавяла «Белсату», як прыняў іх Кіеў і чым ён адрозніваецца ад роднага горада.

«У кожнай «дзюры» квітнее дробны бізнэс»

Жывы і супярэчлівы, месца для жыцця – такім ўбачыліКіеў у чэрвені 2018-га эканамічны аглядальнік кіеўскага выдання «Дзелавая сталіца» Дзяніс Лаўнікевіч і яго жонка Вікторыя, журналіст-фрылансер і перакладчык.

Дзяніс і Вікторыя Лаўнікевіч. Фота з асабістага архіву герояў

– Жывы – таму што тут увесь час нешта адбываецца, ты пастаянна некуды рухаешся, даведваешся нешта новае, у кожнай «дзюры» квітнее дробны бізнэс, – кажа Дзяніс Лаўнікевіч.

Кіяўляне, па словах Дзяніса, больш простыя і адкрытыя людзі, чым мінчане, значна больш ахвотна ідуць на кантакт і любыя зносіны.

– Супярэчлівы Кіеў таму, што адначасова ён дзейны і марудлівы, прыгожы і ўбогі, камфортны і малазручны. Багацце і беднасць могуць суседнічаць не толькі ў адным раёне, але і на адной вуліцы. З месцам для жыцця ўсё проста: Кіеў найлепшым чынам прыстасаваны для плённых сацыяльных узаемадзеянняў і адпачынку, а не толькі працы, – распавядае журналіст.

У Кіеве, заўважылі Лаўнікевічы, у адрозненне ад Беларусі, з большай ахвотай бяруць на працу пенсіянераў. І хай праца гэтая, як правіла, не занадта высокааплатная, сама тэндэнцыя і тое, што людзі цэняцца ў любым узросце, носіць пазітыўны характар.

Сафіеўская плошча ў Кіеве – адно з месцаў, якое палюбілася сям’і. Фота з асабістага архіву герояў

«Расею выключылі па ідэйных меркаваннях»

Прычынай пераезду Лаўнікевічы называюць сітуацыю са СМІ ў Беларусі. Дзяніс упэўнены, што там «для журналіста са значным вопытам няма магчымасцяў развіцця і далейшага росту».

– Складваецца сытуацыя, што чалавек, які прагне рухацца наперад, вымушаны шукаць варыянты ў краінах з насычаным медыярынкам. Мы маглі з’ехаць у Маскву, Кіеў ці Вільню. Расею выключылі па ідэалагічных меркаваннях. Літва не падыйшла з-за сваёй адноснай дарагавизны і няведання намі мовы. Кіеў здаўся ідэальным месцам, – дзеліцца наш герой.

Адна з найважнейшых для Украіны падзей – атрыманне Томасу – вельмі ўразіла Дзяніса і Вікторыю. Фота з асабістага архіву герояў

Фармальна муж i жонка пражываюць у Беларусі. Маюць часовы від на жыхарства ў Кіеве, але плануюць атрымаць пастаянны.

Пераязджалі Лаўнікевічы, не маючы падтрымкі. Тым дзіўней для іх стала тое, што адбылося. Увесну мінулага года падчас паездкі ў сталіцу Украіны Дзяніс пацікавіўся ў кіеўскага калегі, ці можа ён дапамагчы з працай у Кіеве.

– Я адразу атрымаў тэлефоны кантактных асобаў у пяці кіеўскіх выданнях. У кожнае ён даў мне рэкамендацыю. Гэта была сур’ёзная падтрымка, але я на яе не разлічваў! Яна паказвае, наколькі спагадныя людзі ва Украіне, – распавёў Дзяніс.

Кіяўляне прывыклі не давяраць дзяржаве

У сваім Telegram-канале «Прыгоды беларусаў у Кіеве» Дзяніс і Вікторыя пішуць пра адрозненні Менска і Кіева. Але галоўнае адрозненне, на іх погляд, у псіхалогіі жыхароў гэтых гарадоў.

– Менчукі ўспрымаюць сябе як аб’ект дзеяння, гэта выклікана празмернай патерналісцкай апекай з боку дзяржавы. Кіяўляне – субʼект дзеяння. Яны кожную хвіліну думаюць, як я магу гэта зрабіць, дзе шукаць сродкі, ці хопіць маіх асабістых сіл на ўвасабленне маёй задумы. Тут прывыклі не давяраць дзяржаве, у меншай ступені дэлегаваць яму паўнамоцтвы, – аргументуе Дзяніс.

«Прыезджы з Менску можа ванітаваць нават падчас прыняцця душа»

Сутыкнуліся беларусы і з украінскімі цяжкасцямі-рэаліямі. У прыватнасці, нашых герояў здзівіла праца кіеўскіх камунальнікаў, то бок тое, што для звычайнага ўкраінца – сумная норма.

– Карабаціць якасць вады з-пад крана. Яна проста жудасная. Прыезджы з Менска можа ванітаваць нават падчас прыняцця душа. Праблему пітной вады лёгка вырашыць, замовіўшы дастаўку на дом. Але дзівіць сам факт, што гэтая праблема ў маштабах вялікага горада ніяк не вырашаецца, – дзівіцца Дзяніс.

Знакамітая ўкраінская бюракратыя супраць беларускай

Якіх-небудзь істотных праблем у вырашэнні пытанняў з рознымі дакументамі ў Дзяніса і Вікторыі не ўзнікла. Па словах Лаўнікевіча, знакамітая ўкраінская бюракратыя нічым не адрозніваецца ад малавядомай беларускай. З самай значнай яе праявай ў Кіеве яны сутыкнуліся ў міграцыйнай службе.

– Падаць дакументы на від на жыхарства элементарна, але каб потым іх атрымаць, трэба пастарацца. Жонка хадзіла ў гэтую структуру не менш 8 разоў, і кожны раз яе «кармілі заўтракамі». Нарматыўны тэрмін афармлення і выдачы дакументаў быў перавышаны ў 2,5 разы. Ва ўсіх іншых арганізацыях бюракратыя была малазначная або адсутнічала. Мой ліст аб акрэдытацыі ў мясцовым Міністэрстве інфармацыі ўзгаднілі за два працоўныя дні пры нарматыве ў пяць і прынеслі прабачэнні за несвоечасовую выдачу дакументаў, – распавядае Дзяніс.

Ідэнтыфікацыйны нумар у падатковай зрабілі за тры дні. Прапіску – за два. Парадавала тое, што любы журналісцкі зварот у дзяржаўныя структуры разглядаецца неадкладна. Для журналіста з Беларусі, які звыкся што большасць вусных зваротаў у дзяржаўныя структуры наогул ігнаруецца, гэта дзіўна, – патлумачыў Дзяніс Лаўнікевіч.

– Пасля 2014 года любыя чуткі аб залішняй ўкраінскай бюракратыі перабольшаныя. Карупцыя ёсць, але бюракратыя, за выключэннем асобных эпізодаў, імкнецца да нуля, – на сваім вопыце пераканаўся ён.

Якасць жылля ў Кіеве – «вельмі высокая»

Пара здымае невялікую двухпакаёвую кватэру недалёка ад цэнтра, на станцыі метро «Лукьянаўская». Яны адзначаюць, што прыезджага менчука дзівіць якасць кіеўскага жылля: яно вельмі высокае.

– 80% жылога фонду – гэта цагляныя, а не панэльныя, дамы. Стандартная ўкраінская «аднапакаёўка» пачынаецца ад 37-45 м кв., – называе лічбы Дзяніс, эканамічны аглядальнік.

Пара здымае невялікую двухпакаёвую кватэру недалёка ад цэнтра, на станцыі метро «Лукьянаўка». Фота з архіву герояў

Моўнае пытанне

Беларусу ў Кіеве важна ведаць дасканала родную беларускую мову, лічыць Дзяніс Лаўнікевіч. Гэта палягчае задачу разумення і вывучэння ўкраінскай, якая ў Кіеве ў прафесійнай дзейнасці выкарыстоўваецца нароўні з рускай.

– Наогул працы ў Кіеве шмат. Шмат для тых, хто гатовы развівацца кожны дзень, – рэзюмуе журналіст.

Даход менш, але адчуванне багацця не пакідае

Фінансава сям’і Лаўнікевічаў лягчэй жывецца ў Кіеве.

– Многія нашы суайчыннікі мяркуюць, што мы пераехалі ў Кіеў у пошуках лепшага жыцця. Але на радзіме мы таксама жылі добра. Цяпер у Кіеве наш агульны сумесны даход стаў менш, чым быў у Беларусі, затое адчуванне дастатку не пакідае.

На прадукты, як распавялі Дзяніс і Вікторыя, у іх зараз сыходзіць не 50-70% сумеснага бюджэту, як у Менску, а толькі 30-40%. Яны часцей, чым у Беларусі, ходзяць у кафэ, проста выпіць кавы. Танней абыходзяцца адзенне, гаджэты, таксі, розныя бытавыя паслугі.

Кошт камунальных паслуг, па іх словах, у Кіеве супастаўная з менскімі цэнамі, а летам абыходзіцца значна танней (за камуналку з інтэрнэтам у менскай кватэры 37 кв.м. летам пара плаціць каля $64 у месяц, на кіеўскую, плошчай 45 кв.м., сыходзіць каля $27).

Адносна вялікая сума сыходзіць на штомесячную арэнду кватэры, але збольшага яна кампенсуецца грашыма за здачу нерухомасці ў Менску –Лаўнікевічы здымаюць у Кіеве за $350, здаюць у Менску за $200.

Аб настальгіі і кур’ёзах

Вікторыя два гады пражыла ў Вялікабрытаніі. Тады яна сумавала па Беларусі і ў выніку вярнулася на радзіму. Зараз настальгіі ў пары няма. Падчас нядаўняй паездкі ў Менск Вікторыя падлічыла, што з яе роднага дому эмігравалі практычна ўсе людзі яе пакалення, агулам 70%.

А вось родную менталітэт праяўляе сябе і ўносіць у іх кіеўскае жыццё карэктывы. Часам пацешныя.

– Беларусы да млоснасці абавязковыя, пунктуальныя людзі. Для ўкраінца сустрэча, якую ён сам табе прызначыў у зручным для яго месцыдзень таму, можа проста не існаваць. Напрыклад, едзем у таксі, тэлефануем чалавеку, а ён ужо адправіўся за горад ці як раз прыйшоў на сустрэчу з кімсьці яшчэ. Банальна забыўся! Пры гэтым ніякага значэння не мае, наколькі адказны сам па сабе гэтая асоба, наколькі сурʼёзную арганізацыю прадстаўляе. Цяпер мы заўсёды за дзве гадзіны да сустрэчы яшчэ раз тэлефануем чалавеку, нагадваючы, што ў яго з намі спатканне, – з усмешкай распавядае Дзяніс Лаўнікевіч.

У сужэнцаў склалася ўражанне, што ўкраінцам ўласціва скардзіцца на жыццё. Прычым, падкрэсліваюць яны, пастаянна выказваюць скаргі не толькі бедныя слаі насельніцтва, але і людзі заможныя.

– Ад беларуса немагчыма пачуць, што ён жыве дрэнна. Таму многія ўкраінцы лічаць, што ў суседняй Беларусі людзі жывуць лепш. Логіка такая: калі б жылі дрэнна – абавязкова б скардзіліся, – кажа журналіст.

Чытайце і глядзіце па тэме:

Интервью
Нищие в гостях у бедных? Как в России живут украинские беженцы
2018.12.28 17:22

Алена Мяржэўская/ІР, belsat.eu

Стужка навінаў