Менск наведае кіраўнік Косава. Гэтай краіны Беларусь не прызнае


У міжнароднай канферэнцыі па бяспецы, якая пройдзе ў Менску 31 кастрычніка – 1 лістапада, прыме ўдзел прэзідэнт Рэспублікі Косава Хашым Тачы.

У Менск ён быў запрошаны нямецкім дыпламатам Вольфгангам Ішынгерам, які ачольвае штогадовую Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы. Сёлета канферэнцыя ўпершыню адбудзецца ў беларускай сталіцы.

«Чакаю майго першага візіту ў Беларусь… Працэсы прымірэння і міру ў Еўропе могуць умацоўваць адзін аднаго плюс садзейнічаць міру на нашым кантыненце. Усё ў Косава прысвечана прасоўванню наперад на нашым шляху Еўразвяз – Атлантыка», – напісаў Тачы ў сваім Twitter.

Паводле TUT.by, МЗС Беларусі пазначыла Тачы ў спісах удзельнікаў канферэнцыі як «палітычнага дзеяча Косава».

Чакаецца, што ў канферэнцыі прымуць удзел больш за 70 высокапастаўленых асобаў. У тым ліку Аляксандр Лукашэнка, еўракамісар Ёганэс Ган, генеральны сакратар АБСЭ Томас Грэмінгер, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, прэм’ер Сербіі Ана Бырнабіч, прэмʼер Малдовы Павел Філіп ды іншыя.

  • Рэспубліка Косава паўстала ў выніку распаду Югаславіі, узброенага канфлікту паміж сербамі і албанцамі, які суправаджаўся этнічнымі чысткамі і ўмяшаннем у канфлікт NATO.
  • Рэспубліка Косава абвесціла незалежнасць 17 лютага 2008 года і лічыцца часткова прызнанай. У канстытуцыі Сербіі Косава застаецца часткай сербскай дзяржавы. Незалежнасць тэрыторыі прызналі 108 краінаў – чальцоў ААН са 193. Большасць краінаў Захаду прызнаюць Косава. Расея займае рэзка негатыўную пазіцыю адносна незалежнасці рэспублікі. Беларусь таксама не прызнала Косава і ў свой час выступала з рэзкай крытыкай акту незалежнасці.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў