Менск і Масква не ўзгаднілі пытанні па нафце, газу і падатках


Кіраўнікі Беларусі і Расеі падчас двух апошніх сустрэчаў, на якіх абмяркоўваліся дарожныя мапы паглыбленай інтэграцыі, так і не змаглі ўзгадніць пытанні па газе, нафце і падатках. Пра гэта распавёў першы намеснік прэм’ер-міністра Дзмітрый Круты, паведамляе «Беларусь 1».

«Тры пытанні, якія былі пазначаныя пасля апошняй сустрэчы прэзідэнтаў у Санкт-Пецярбургу, яны на сёння застаюцца. Гэта газ, нафта і пэўныя пытанні па падатковай карце. Астатні пакет ужо ўзгоднены», – сказаў Дзмітрый Круты.

Намеснік прэмʼер-міністра распавёў, што Менск не мае намеру адмаўляцца ад беларускага рубля і пераходзіць на іншую валюту. Таксама Дзмітрый Круты дадаў, што кіраўнікі Беларусі і Расеі працягнуць абмяркоўваць нявырашаныя пытанні паглыбленай інтэграцыі.

«Спадзяемся, што да канца года яшчэ будзе нейкі кантакт на ўзроўні лідараў нашых краінаў, і яны вызначаць развязкі па гэтых тэмах. Аргументацыі бакоў зразумелыя, і трэба проста прыняць палітычныя рашэнні», – дадаў першы віцэ-прэмʼер.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяркоўвалі пытанні энергетычнай сферы падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбурзе 20 снежня. Па выніках перамоваў было агучана, што пытанні нафты, газу і падатковага кодэксу так і не вырашаныя. У сваю чаргу кіраўнік Беларусі заявіў, што бакі бакі канцэптуальна дамовіліся адносна энерганосьбітаў.

«Канцэптуальна дамовіліся, што ў будучым годзе Беларусь купляе ў Расейскай Федэрацыі прыкладна 20 млрд куб.м газу. Абмежаванняў тут няма. Можна і 22 млрд куб.м. З уводам атамнай станцыі, вядома, мы на 4-5 млрд куб.м менш будзем закупляць. Таму па аб’ёмах мы дамовіліся, і па нафце дамовіліся, што купім у Расеі 24-25 млн т нафты», – адзначыў 20 снежня па выніках сустрэчы Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго, канкрэтныя цэны будуць вызначаны ў бліжэйшыя два-тры дні. Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што ў цэлым кошт застаецца на ўзроўні 2019 года. Але да гэтага часу афіцыйна пра гэта не паведамляецца.

ВІДЭА
Павел Усаў: Падпісанне ўсіх дарожных мапаў – гэта забойства беларускай дзяржавы
2019.12.29 13:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў