Менск – адная з самых снежных сталіцаў свету. А што нам чакаць сёлета на Каляды?


Шанец сустрэць Каляды ў Беларусі са снегам – адзін з самых высокіх у свеце. Пра гэта сведчаць звесткі, сабраныя пры дапамозе сэрвісу «World Weather Online».

Сайт Vouchercloud сабраў дадзеныя аб выпадзенні снегу па ўсяму свету за апошнія дзевяць гадоў (з 2009 па 2017). Аналізаваліся дадзеныя з сэрвісу «World Weather Online» – за снежань і выключна ў сталіцах.

Шанец пабачыць снег на 25 снежня ў розных краінах свету. Крыніца: www.vouchercloud.com

 

Шанец пабачыць снег на 25 снежня ў розных краінах свету. Крыніца: www.vouchercloud.com

У выніку атрымалася, што для Менску шанец пабачыць снежную зіму ў снежні складае 55,6%. Вышэйшы за гэты паказчык толькі ў Маскве – 63,1%. Параўнальна з Менскам снег выпадае ў эстонскім Таліне (50,9%) і літоўскай Вільні (50,2%). Нават у сталіцах такіх паўночных краінаў, як Канада, Нарвегія, Швецыя ці Грэнландыя ў апошнія гады снегу ў снежні выпадала менш, чым у Менску.

Але ці чакаць беларусам снегу на сёлетнія Каляды? На пытанне карэспандэнта Belsat.eu адказаў начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамету Аляксандр Бяганскі.

Паводле яго, вышыня снежнага покрыва ў Менску станам на раніцу 21 снежня складала 7 сантыметраў. Максімальная ж вышыня адзначалася ў Берасцейскай вобласці – 22 сантыметры. І хоць 22-23 снежня частка снегу можа растаяць з прычыны няўстойлівых тэмператур, у гэтыя ж дні на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаецца выпадзенне новага снегу.

«Нават калі нешта растане, снежнае покрыва будзе ўтрымлівацца», – заявіў Аляксандр Бяганскі.

У само ж свята Божага Нараджэння кароткачасовы снег чакаецца толькі месцамі па Беларусі. Будзе ўмерана марозна – уначы 3-10 градусаў ніжэй за нуль, пры праясненнях – да 12 марозу. Удзень, у асноўным, будзе -1…-7 градусаў.

«Для снежня цалкам нармалёвае надвор’е», – адзначыў суразмоўца.

Дарэчы, абсалютны мінімум для Менску ў ноч на 25 снежня быў у 1892 годзе – 28 градусаў марозу. А абсалютны максімум у сталіцы адзначыўся ў 1980 годзе – 6 градусаў цеплыні. Як падкрэсліў Аляксандр Бяганскі, сёлета такіх тэмператур не прагназуецца, слупкі тэрмометраў будуць паказваць значэнні, блізкія да сярэднестатыстычных.

«Будзе больш-менш камфортнае надворʼе: і са снегам, і з нямоцнымі маразамі», – дадаў ён.

Hавiны
Снег, мокры снег з дажджом і галалёдзіца – сіноптыкі папярэджваюць пра неспрыяльнае надвор’е ў суботу
2018.12.22 09:14

Сноўборд – танней за лыжы. Дзе пакатацца ў Каляды?

Карыстаючыся тым, што снежнае покрыва ў Беларусі ўжо ўсталявалася, пачалі працаваць і гарналыжныя курорты ў Сілічах і Лагойску. У Рэспубліканскім гарналыжным цэнтры «Сілічы» Belsat.eu распавялі, што «з надвор’ем усё добра, усё функцыянуе».

Што датычацца коштаў, то сёлета яны такія. Арандаваць гарналыжны камплект можна за 11 рублёў за гадзіну ці за 24 рублі на дзень, у выходныя – 14 і 27 рублёў адпаведна. Камплект са снаўбордам абыдзецца трошкі танней. У «Лагойску» пракат гарналыжнага ці сноўбардычнага камплекту будзе каштаваць у будні для дарослых 9 рублёў за гадзіну і 20 рублёў за дзень, у выходныя – 12 і 25 рублёў адпаведна. Пры гэтым можна арандаваць як увесь камплект, гэтак і яго часткі.

У ноч з 23 на 24 снежня ў «Лагойску» пройдзе начны сноўборд-марафон пад музыку дыджэя Паўла Ван-Боры, а 30 снежня дыскатэка з начнымі катаннямі чакаецца ў «Сілічах».

Так што, карыстайцеся снежнай зімой, пакуль надворʼе не перадумала.

Hавiны
У Віцебску камунальнікі пастрыглі снег (ВІДЭА)
2018.11.16 09:36

МГ/belsat.eu

Стужка навінаў