Менгарвыканкам забараніў шэсце і канцэрт на Дзень Волі. Аргкамітэт падаў новую заяўку


Дзень Волі-2017

Менгарвыканкам адказаў аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя БНР. Улады адмовілі ў правядзенні «масавых мерапрыемстваў» 25 сакавіка: як шэсця, так і канцэрту на плошчы Свабоды. Апазіцыянеры падалі новую заяўку.

Сёння, 28 лютага, Менгарвыканкам даслаў афіцыйны адказ заяўнікам, у якім гаворыцца, што месца збору ўдзельнікаў і маршрут шэсця «не адпавядаюць закону».

Акрамя таго, у Менгарвыканкаме звярнулі ўвагу на тое, што заяўнікі акцыі цягам апошняга году прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства.

Дадатковай нагодай для адмовы ўлады лічаць тэматычныя паведамленні, інтэрвію, заклікі да ўдзелу ў святкаванні, якія размяшчаліся ў інтэрнеце да атрымання дазволу.

Падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла сёння ў офісе Руху «За свабоду», заяўнікі распавялі, што падалі новую заяўку ад пяці арганізацыяў: БНФ «Адраджэньне», руху «За свабоду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і інфармацыйна-асветніцкай установы Amaroka.

Яны просяць улады дазволіць збор удзельнікаў каля Вялікага тэатру Беларусі ў Менску 25 сакавіка ад 13 да 14 гадзінаў, а таксама правядзенне мітынгу і канцэрту ад 14 да 19 гадзінаў.

Да заяўкі арганізатары прыклалі дадатковы ліст, у якім просяць Менгарвыканкам разгледзець магчымасць дазволу шэсця ад скверу імя Янкі Купалы да Вялікага тэатру Беларусі, каб зняць магчымую напружанасць часткі грамадства.

Улады паабяцалі адказаць на пачатку наступнага тыдня.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары