Пытанне аб прысваенні адной са сталічных вуліцаў імя героя антырасейскага паўстання 1794 года будзе развязвацца на найбліжэйшым паседжанні адмысловай камісіі.
Пра гэта паведамляе выданне «СБ – Беларусь сегодня». З ініцыятывай назваць у гонар Касцюшкі адну са сталічных вуліцаў, плошчаў або ўвекавечыць, усталяваўшы яму помнік, выступіў чытач гэтага выдання.
У адказе на апублікаваную ў газеце прапанову прадстаўнік Менгарвыканкаму Мікалай Котаў паведаміў, што пытанне аб прысваенні імя Касцюшкі адной з вуліцаў могуць разгледзець на найбліжэйшым паседжанні камісіі ў перайменаванні праспектаў, вуліцаў Менску.
«Пытанне аб стварэнні помніку Касцюшку мэтазгодна разглядаць пасля называння тэрыторыі ягоным імем і вызначэння крыніцаў фінансавання», – гаворыцца ў адказе чыноўніка.