Менгарвыканкам патлумачыў, што магло стаць прычынай праблемаў з пітной вадой


Рамонтныя працы, якія праводзяцца на вадаводзе №3, маглі стаць прычынай пагаршэння якасці вады ў Менску. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Менгарвыканкама Аляксандр Дараховіч, піша БелТА.

Нагадаем, 24 чэрвеня ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах сталіцы пачаліся праблемы з пітною вадою. Жыхары наракалі на рэзкі пах і пякоту. Хутка быў арганізаваны падвоз вады ў цыстэрнах. «Менсквадаканал» у ноч на 25 чэрвеня распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што на падставе патрабаванні санітарных службаў піць водаправодную ваду ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёне сталіцы пакуль нельга. 26 чэрвеня «Менскводаканал» паведаміў, што здолеў вывесці непрыемны пах з сістэмы водазабеспячэння, але забарону на піццё водаправоднай вады захаваў.

«Хутчэй за ўсё, прычына ў вадаводзе №3, на якім выконваліся рамонтныя працы. Працягласць вадавода парадку 23 км, працы выконваліся на ўчастку працягласцю 100 м. Сёння гэты вадавод адключаны. Водазабеспячэнне гораду паходзіць з вадаводаў №1 і №2, на якіх ніякія рамонтныя працы не вяліся», – сказаў Аляксандр Дараховіч.

Раней сёння намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Круты заявіў, што «базавай версіяй на сёння зʼяўляецца тое, што падчас рамонтных працаў, калі замяняўся ўчастак водаправода, у пакінутай часткі вада на працягу месяца або паўтары ва ўмовах спёкі і пад уплывам іншых фактараў застаялася». «Калі ўвесь водаправод быў звараны, яна трапіла ў сістэму», – адзначыў ён, але дадаў, што гэта яшчэ не канчатковая версія.

Круты таксама заявіў, што сітуацыя з вадой у Менску цяпер цалкам лакалізаваная, падачу якаснай вады арганізавалі практычна ва ўвесь жыллёвы фонд сталіцы. «Думаю, што да канца дня – да пачатку раніцы вада будзе дазволеная і для пітных мэтаў», – паабяцаў ён.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў