Менгарвыканкам хоча скасаваць права Юрыя Чыжа на валоданне акцыямі ФК «Дынама-Менск»


Эканамічны суд Менску 21 траўня правеў папярэдняе судовае паседжанне наконт пазову Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Менгарвыканкама да ЗАТ ФК «Дынама-Менск».

Паводле TUT.by, Менгарвыканкам, запатрабаваў адмяніць рашэнне ЗАТ ФК «Дынама-Менск» аб выпуску 108 простых акцыяў, прынятае ў снежні 1999 года, калі «Трайпл», асноўным уладальнікам якога з’яўляецца Юрый Чыж, увайшоў у склад заснавальнікаў і атрымаў 40 акцыяў «Дынама».

Прадстаўнік Менгарвыканкама лічыць, што акцыі не былі зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку і не маглі быць набытыя, а пасля набыцця не прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю. У судзе прадстаўнікі ЗАТ ФК «Дынама-Менск», «Трайпла» і «Ракаўскага бровара» пазоў не прызналі, заявіўшы, што тэрміны пазоўнай даўнасці ўжо прайшлі.

Разгляд справы па сутнасці мусіць распачацца заўтра, 22 траўня.

Бакі пакуль ухіляюцца ад публічных заяваў наконт судовага працэсу. У прэс-службе «Дынама» belsat.eu заявілі, што не гатовыя каментаваць пазоў Менгарвыканкаму і гэты судовы працэс. У Юрыя Чыжа заявілі, што бізнесовец таксама цяпер не мае магчымасці пракаментаваць сітуацыю.

  • Кампанія «Трайпл» у сакавіку заявіла пра свой намер прадаць пакет акцыяў ЗАТ ФК «Дынама-Менск ». Увесь пакет (каля 57% акцый) Юрый Чыж ацэньвае ў 1 млн беларускіх рублёў.
  • Чуткі пра будучую змену ўладальніка «Дынама» зʼявіліся ў канцы 2018 года. Сярод патэнцыйных пакупнікоў пакета акцыяў называлі некалькіх бізнесоўцаў, у прыватнасці расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева. Была таксама версія, што пакет адыдзе Менску.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў