Менгарвыканкам адмяніў сустрэчу з заяўнікамі Дня Волі


Улады Менску адмянілі сустрэчу з заяўнікамі Дня Волі.  Пра гэта ў Facebook паведаміла Алена Талстая.

«Менгарвыканкам груба парушае закон напярэдадні масавай акцыі 25 сакавіка. Усім заяўнікам акцыі Дня Волі патэлефанавалі на працягу апошняй гадзіны чыноўнікі Менгарвыканкаму. Праінфармавалі, што шырока разрэкламаваная сустрэча а 17-й гадзіне адменена. На просьбы паведаміць аб рашэнні выканкаму адказалі: дашлем па пошце».

Сакратар партыі Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі кажа, што ў Менгарвыканкаме не паведамляюць пра прычыну адмены сустрэчы, ды адмаўляюцца аддаць рашэнне па заяўцы на правядзенне мітынгу, маўляў яно адасланае поштай.

«Думаю ў іх гэтага адказу проста няма, хіба што ва ўладзе зараз ідзе змаганне больш жорсткага ці лагоднага сцэнара, яны вырашаюць а таму адказу нам не даюць», – распавёў «Белсату» Дзяніс Садоўскі.

Шэсце мае адбыцца 25 сакавіка. Заяўнікамі акцыі выступілі 9 палітычных структураў, сярод якіх АГП, БХД, Рух За Свабоду, БСДП Грамада. Лідары трох з чатырох узгаданых вышэй арганізацыяў знаходзяцца ў арышце, за ўдзел у «маршах недармаедаў» у Маладзечна і Воршы, і не змогуць узяць удзел у адзначэнні Дня Волі.

Арганізатары просяць дазволу на акцыю 25 сакавіка ў наступным фармаце: збор удзельнікаў а 14:00 на пляцоўцы каля Акадэміі навук і шэсце праспектам Незалежнасці да парку Янкі Купалы. Мітынгу не плануецца, каб не даць уладам падстаў адправіць шэсце на плошчу Бангалор.

Мікалай Статкевіч, які не ўваходзіць у аргкамітэт Дня Волі, але таксама заклікае на акцыю, заявіў, што гатовы ўзначаліць шэсце і павядзе людзей да плошчы Незалежнасці.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў