Менгарсуд скараціў тэрмін пакарання для анархістаў Емельянава і Комара


Менскі гарадскі суд скараціў тэрмін пакарання для асуджаных анархістаў Мікіты Емельянава і Івана Комара. Пра гэта паведаміла ў сацыяльных сетках актывістка Марына Касінерава, якая прысутнічала на паседжанні.

Суд Савецкага раёну Менску 12 лютага пакараў анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара 7 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму. 27 сакавіка Менгарсуд разгледзіў касацыйную скаргу актывістаў і скараціў ім тэрмін пакарання: Емельянаву да 4 гадоў пазбаўлення волі, Комару да 3,5 гадоў.

Разгляд касацыйный скаргі на прысуд адбываўся без удзелу Івана Комара і Мікіты Емельянава.

Іван Комар (у чорным швэдры) і Мікіта Емельянаў (у шэрым). Фота – belsat.eu

Нагадаем, раней анархістаў прызналі вінаватымі ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 КК) і ў наўмысным пашкоджанні гістарычна-культурных каштоўнасцяў (арт. 344 КК).

Паводле следства, 19-гадовыя Емельянаў і Комар у верасні 2019 года закідалі лямпачкамі з фарбай будынак Менгарсуду. Агульная шкода ад гэтых дзеянняў паводле следства – 143 рубля і 22 капейкі. Таксама актывістаў вінавацяць у тым, што яны з выкарыстаннем кактэйляў Молатава нібыта двойчы спрабавалі атакаваць будынак СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. У першым выпадку кактэйль Молатава не загарэўся. Анархісты спрабавалі паўтарыць акцыю 20 кастрычніка – яны шпурнулі бутэльку з гаручай сумессю ў дзверы будынку СІЗА. Кактэйль Молатава загарэўся, але пашкодзіў дзверы нязначна – суму шкоды ацанілі ў 1 рубель 48 капеек. У судзе Іван Комар цалкам не прызнаў сваю віну, Мікіта Емяльянаў – часткова. Таксама Комар заяўляў пра ціск на яго з боку праваахоўных органаў падчас следства.

Праваабаронцы прызналі Емяльянава і Комара палітвязням на той падставе, што яны былі асуджаны да празмерна жорсткага пакарання, якое з’яўляецца відавочна непрапарцыйным учыненаму.

Hавiны
Больш за 100 вядомых людзей падпісалі адкрыты ліст у падтрымку асуджаных анархістаў
2020.02.18 13:43

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў