Менчуку, які дрыфтаваў на плошчы Перамогі, змянілі меру стрымання


У лютым 2017 года мянчук Кірыл Філіпчык быў асуджаны на тры гады зняволення за тое, што ладзіў дрыфт на плошчы Перамогі, але напрыканцы 2018 года яму змянілі меру стрымання на больш мяккую.

Сама гісторыя адбылася яшчэ напрыканцы лістапада. Кірыла Філіпчыка абвінавачвалі ў тым, што ноччу 29 лістапада 2016 года, ён п’яны заехаў на машыне на тэрыторыю манумента Перамогі і пачаў дрыфтаваць. У гэты момант яго заўважылі міліцыянты, якія запатрабавалі ад кіроўцы спыніцца, але ён уцёк. Затрымалі Філіпчыка толькі на наступны дзень.

У дачыненні да кіроўцы склалі шэсць адміністрацыйных пратаколаў і аштрафавалі на 650 рублёў. Таксама яго пазбавілі права кіравання аўтамабілем на 18 месяцаў. Да ўсяго гэтага яму выставілі абвінавачванні і па Крымінальным кодэксе: па ч. 1 арт. 339 – у хуліганстве і ч. 2 арт. 346 – у здзеку над гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

І хоць сам абвінавачаны казаў, што не быў у той момант пʼяным і выбачаўся перад ветэранамі, 7 лютага 2017 года суд Партызанскага раёну Менску асудзіў яго на тры гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Як паведаміў Belsat.eu былы адвакат асуджанага, летась вырашалася пытанне пра замену ў дачыненні да Кірыла Філіпчыка меры стрымання – на абмежаванне свабоды замест яе пазбаўлення. Але, паколькі сам юрыст у гэтым не ўдзельнічаў, то чым дакладна вырашылася пытанне, ён не ведае. Прадстаўнікі сям’і асуджанага ад каментароў адмовіліся, а Філіпчык на запыт журналіста не адказаў.

Але ў сярэдзіне лістапада 2018 года ў сацыяльных сетках Кірыла Філіпчыка была заўважаная актыўнасць, якая б магла б сведчыць аб тым, што меру стрымання ўсё-такі маглі паслабіць. Пра тое, што гэта сапраўды так, пацвердзілі ў каментары Belsat.eu ягоныя знаёмыя.

МГ/Belsat.eu

Стужка навінаў