Менчуку далі два гады «хатняй хіміі» за абразу прэс-сакратаркі МУС Чамаданавай


26 студзеня суд Цэнтральнага раёну Менску прысудзіў менчуку Дзмітрыю Ушацкаму два гады абмежавання волі без накіраваная ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прычынай стала абраза прэс-сакратара МУС Вольгі Чамаданавай. Гісторыю мужчыны распавёў праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле версіі следства, 43-гадовы мужчына размясціў у тэлеграм-чаце «Банда Луки» каментар «у непрыстойнай і грубай нецэнзурнай форме пра пасаду і зоркі». Пры гэтым допіс у судзе не агучылі. Ушацкі нібыта хацеў адпомсціць Чамаданавай за яе афіцыйны каментар аб умовах утрымання на Акрэсціна.

Абвінавачаны прызнаў віну і на паседжанні папрасіў прабачэння ў Чамаданавай. Мужчына ўбачыў каментар прэс-сакратаркі МУС з нагоды затрымання Сяргея Ціханоўскага. Гэта і выклікала ў яго абурэнне.

«Мяне гэта абурыла. Абурылі акалічнасці затрымання Ціханоўскага. У мяне была думка, што яго тады затрымалі, так бы мовіць, не зусім карэктна. У дачыненні яго здзейснілі нейкія правакацыйныя дзеянні цывільнай асобы. Яе пасля апазналі як жанчыну лёгкіх паводзінаў, якая ўдзельнічала ў правакацыі».

Пры гэтым Ушацкі адзначае, што палітыкай асабліва не цікавіцца, у пікетах за Ціханоўскага не ўдзельнічаў і нават не галасаваў на леташніх выбарах. Ён адмаўляе, што пакінуў каментар пад заявай аб умовах утрымання на Акрэсціна, бо ніколі там не быў, а па 23.34 яго не затрымлівалі.

Чамаданава не была падпісаная на тэлеграм-чат «Банда Луки». Скрыншот каментара ёй даслала Наталля Ганусевіч, начальніца па сувязях з грамадскасцю ГУУС Менгарвыканкаму. Прэс-сакратар МУС не сыходзіла на бальнічны, але сцвярджае, што каментар, безумоўна, паўплываў на стан яе здароўя. Свае маральныя пакуты яна ацаніла на 5000 рублёў. Ушацкі пагадзіўся часткова і гатовы пакрыць 3000 рублёў.

Пракурор запатрабаваў амаль найбольш жорсткае пакаранне, прадугледжанае ч. 2 арт. 369 КК – два гады «хатняй хіміі». Суддзя Таццяна Акавітая яго падтрымала. Акрамя таго, мужчына мае выплаціць 5000 рублёў маральнай шкоды.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў