Чарговая скандальная гісторыя з удзелам беларускіх праваахоўнікаў.
Інцыдэнт адбыўся 11 чэрвеня каля гандлёвага цэнтру «Green» у сталічным мікрараёне Каменная Горка.
У пачатку відэазапісу, які быў апублікаваны ў сацыяльных сетках, бачна, як жанчына ў кайданках сядзіць на заднім сядзенні міліцэйскага аўта ды просіць дапамогі.
На гэтую просьбу мінакі падышлі пацікавіцца, за што яе затрымалі. З дыялогу з міліцыянтамі вынікае, што жанчыну схапілі, бо яна «была ў п’яным выглядзе» і «парушала грамадскі парадак».
Жанчына распавяла, што выйшла з рэстарана «Васількі» і ўжо збіралася ехаць дамоў, загадзя выклікаўшы таксоўку. Менавіта ў гэты момант адбылося затрыманне.
Падчас размовы адзін з міліцыянтаў ужывае ў дачыненні да затрыманай сілу, жанчына ж пачынае лаяцца.
НМ, belsat.eu