Менчукі нясуць кнігі букіністу. Фотафакт


19 чэрвеня 2018 года. Чарга ахвотных прадаць кнігі праз букіністычны аддзел «Белкнігі» расцягнулася на некалькі дзясяткаў метраў. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Кожны трэці аўторак месяца на вуліцы Карла Маркса ў Менску з’яўляецца вялізная чарга: людзі ідуць у букіністычны аддзел кнігарні «Белкніга», каб здаць свае кнігі.

Працэдура выглядае так: спачатку людзі прыходзяць, каб зацвердзіць спіс кніг, якія хочуць здаць, а кнігарня прызначае дату і гадзіну, калі іх можна прынесці. Каб заняць чаргу, людзі прыходзяць за паўтары гадзіны да адкрыцця крамы.

Сёння тут сабралася каля 70 чалавек.

У чарзе пераважна пенсіянеры: былыя ўніверсітэцкія выкладчыкі, настаўнікі ды проста аматары кніг.

Былая выкладчыца ангельскай мовы распавяла што бывае тут часта.

«Збольшага сюды прыносяць тое, што ўжо прачыталі. Разбіраем завалы. Часта мы самі штосьці набываем, чытаем і потым зноў прадаем. Для кагосьці гэта праца, а пенсіянеры проста маюць прыемны дадатак да пенсіі. А сёння мала прыйшло, лета ж», – кажа жанчына.

Кнігарня бярэ не ўсё, а толькі тое, што карыстаецца попытам. То бок, шматмільённыя наклады савецкіх часоў, якія ёсць у кожным доме, не возьмуць. Кошт кніг крама ўсталёўвае сама, бярэ 30 %-ую камісію.

ІА/ДД

Стужка навінаў