Менчукі абмеркавалі законапраект аб хатнім гвалце


8 кастрычніка 2018 года. Удзельнікі публічнага абмеркавання канцэпцыі законапраекту аб хатнім гвалце прыйшлі да высновы аб неабходнасці парламенцкіх слуханняў па гэтым пытанні. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Неабыякавыя менчукі разам з экспертамі абмеркавалі, што варта змяніць у актуальным заканадаўстве, каб перадухіліць гвалт у беларускіх сем’ях.

8 кастрычніка ў галерэі «Ў» прайшло адкрытае абмеркаванне канцэпцыі законапраекту аб перадухіленні хатняга гвалту.

На мерапрыемстве прысутнічалі ахвяры гвалту, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, палітыкі і проста неабыякавыя жыхары гораду.

Паводле прысутных экспертаў, на сёння ў Беларусі няма комплекснага закона, які б падрабязна акрэсліваў паняцце «ахвяраў хатняга гвалту». Гэтак, згодна з законам, імі не могуць быць былыя муж ці жонка; у законе не існуе паняцця «эканамічнага хатняга гвалту».

У праекце закону, які распрацавала Міністэрства ўнутраных справаў, і які жорстка раскрытыкаваў кіраўнік краіны, гэтыя моманты былі ўключаныя.

«Сёння для нас прызнанне эканамічнага гвалту было б фактам прызнання, што ёсць і іншыя віды гвалту», – сказала Ірына Альхоўка, кіраўнічка аб’яднання «Гендэрныя пэрспэктывы» і сябра Нацыянальнай рады гендэрнай палітыкі, якая ў складзе рабочай групы пры МУС працавала над канцэпцыяй закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту.

Каардынатарка прытулку для жанчын і дзяцей «Радзіслава» Вольга Гарбунова звярнула ўвагу, што ў апошнія гады зацікаўленасць у новым законе выказвалі і дзяржаўныя структуры, але на сёння іхная прафілактыка хатняга гвалту не эфектыўная.

«Ні міліцыя, ні ўчастковыя не распавядаюць пра ахоўныя механізмы для жанчын. Закон цяпер не працуе», – дадала Гарбунова.

Удзельнікі дыскусіі прыйшлі да высноваў, што далейшымі крокамі па змене сітуацыя павінныя быць парламенцкія слуханні і з’яўленне сталай пляцоўкі для публічных дэбатаў на гэтую тэму, стварэнне адукацыйных праграмаў для дзяцей рознага ўзросту і выкарыстанне міжнароднага досведу ў вырашэнні праблемы.

8 кастрычніка ў менскім парку Горкага грамадскія актывісты развесілі акрываўленую бялізну на знак пратэсту супраць заявы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што ён не дапусціць прыняцця закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту.

ВР

Стужка навінаў