Менчука, які пабіўся з міліцыянтамі ў метро, абвінавацілі ў сексе з няпоўнагадовай


Следчы камітэт скончыў расследавання справы 19-гадовага менчука, якога вінавацяць супраціве і гвалце ў адносінах да праваахоўнікаў. Напрыканцы траўня відэа жорсткага затрымання хлопца на станцыі метро «Кастрычніцкая» у Менску ўскалыхнула інтэрнэт.

«Следствам устаноўлена, што напрыканцы траўня ў начны час малады чалавек знаходзіўся ў вестыбюлі станцыі м. «Кастрычніцкая» ў стане алкагольнага апʼянення. Спускаючыся па эскалатары, на яго паводзіны (хісткую хаду) звярнуў увагу супрацоўнік адзелу ўнутраных спраў (АУС) па ахове менскага метро, ​​які папрасіў маладога чалавека прайсці ў пакой міліцыі. У сваю чаргу хлопец запатрабаваў яго адпусціць і адмовіўся працягнуць рух. Каб суправадзіць у пакой міліцыі праваахоўнік узяў яго пад руку. У гэты момант малады чалавек ужыў гвалт у дачыненні да супрацоўніка АУС (як раней паведамляла міліцыя, той атрымаў пералом носу – “Белсат”), каб перашкодзіць яго законнай дзейнасці. Убачыўшы тое, што адбылося, на дапамогу праваахоўніку паспяшаліся супрацоўнікі метрапалітэна і другі міліцыянт, якія, нягледзячы на ​​супраціў з боку хлопца, затрымалі яго», – паведамляюць у СК.

Акрамя гвалту ў адносінах да праваахоўнікаў, падчас следства СК высунуў яшчэ адно абвінавачанне 19-гадоваму менчуку: нібыта ён, зʼяўляючыся паўналетнім, неаднаразова ўступаў у палавую сувязь з дзяўчынай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту.

Канчатковае абвінавачанне 19-гадоваму хлопцу было прадʼяўленае па арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка АУС), па ч. 2 арт. 363 (супраціў з ужываннем гвалту ў дачыненні да асобы, якая ахоўвае грамадскі парадак) і па ч. 2 арт. 168 (палавыя зносіны з асобай, якая загадзя не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту) Крымінальнага кодэкса.

Раней міліцыя паведамляла, што 19-гадовага менчука неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці: за дробнае хуліганства, распіванне спіртных напояў і знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы, дробны крадзеж, парушэнне абавязкаў па воінскаму ўліку. У лютым сёлета суд Фрунзенскага раёну Менску прысудзіў яму 240 гадзінаў грамадскіх работ за крадзеж. Маладзён стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Кастрычніцкага РУУС сталіцы.

Відэа затрымання 19-гадовага менчука 27 траўня выклікала хвалю абурэння ў інтэрнэце. Жанчыну, якая зняла відэа крывавага затрымання хлопца ў менскім метро, пазней аштрафавалі на Br 230.



КА, belsat.eu

Стужка навінаў