Менчука, які агаліўся перад калонай бранятэхнікі падчас рэпетыцыі параду, будуць судзіць


Следчы камітэт Беларусі паведамляе, што завершана расследаванне крымінальнай справы супраць 33-гадовага менчука, які агаліўся падчас рэпетыцыі вайсковага параду на Дзень Незалежнасці.

«Следствам устаноўлена, што ў вячэрні час пры праходжанні калоны вайсковай тэхнікі Менскага гарнізона па вул. Арлоўскай, 33-гадовы мянчук, выйшаў на сярэдзіну праезнай часткі, пасля чаго агаліў і прадэманстраваў свае палавыя органы прысутным грамадзянам», – паведамляюць праваахоўнікі.

У СК адзначаюць, што мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага апʼянення, а яго дзеянні «груба парушалі грамадскі парадак».

Менчуку прадʼяўлена абвінавачванне па ч.1 арт. 339 (хуліганства) і арт. 364 (гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) Крымінальнага кодэксу. Паводле ч.1 арт. 339 яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі, паводле арт. 364 – да 6 гадоў.

Мужчына сваю віну прызнаў, ён застаецца ў СІЗА.

Нагадаем, 24 чэрвеня недалёка ад парку Перамогі ў Менску невядомы мужчына зняў з сябе штаны перад калонай вайсковай тэхнікі, якая праязджала па дарозе. У такім становішчы ён прастаяў секунд трыццаць, пакуль яго не заўважыў супрацоўнік міліцыі. Калі супрацоўнік ДАІ да яго падышоў, то мужчына ўдарыў яго кулаком і ўцёк. Хулігана хутка затрымалі.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў