Мэм рабаціць ці абуджае свядомасць? Найбольш распаўсюджаныя мэмы Беларусі і свету


Сучасны інтэрнэт і перадусім сацыяльныя сеткі ўжо немагчыма ўявіць без фотажабаў, дэматыватараў, выбухнога LOL і адчайнага Facepalm. Усё гэтыя словы – інтэрнэт-мэмы, спыніць распаўсюд якіх немагчыма нават пры жаданні.

Інтэрнэт-мэм – гэта адзінка мастацкай прадукцыі, здольная памнажацца. Гэта словы, выказванні, выявы, відэа ці гук, які інтэрнаўты знаходзяць цікавым і ахвоча распаўсюджваюць у сеціве.

Найбольш жывучыя мэмы Беларусі-2015

– Хвалю мэмаў выклікаў кіраўнік Беларусі пасля праезду па кальцавой.

– Яшчэ больш бурліваю была рэакцыя інтэрнаўтаў на фота Лукашэнкі з сямʼёю Оўбамы.

Мэм «Что-то не так» пратрымаўся ў топах два гады і падобна, будзе папулярным надалей.

– Беларускі ватнік (створаны на аснове ватніка расейскага, але з улікам нацыянальных асаблівасцяў). Ватнік (бо ватаю набіты) – гэта зборны вобраз фанатычнага беларускага патрыёта, лаяльнага да сваёй улады. Ён ненавідзіць усё Заходняе, размаўляе па-хамску, не адрозніваецца інтэлектам і празмерна спажывае алкаголь.

Некалькі мэмаў-прышэльцаў, якія ў нас прыжыліся

«Ф Бабруйск, жывотнайе!» – выраз-мэм, які скіроўвае ў наш, беларускі горад! Жыхары і нарадзінцы Бабруйску вельмі крыўдуюць на гэты словазварот, бо не бачаць прычынаў для непавагі гэтага населенага пункта. Найбольш імаверная версія ўтварэння фразы – матыў з творчасці контркультурнага пісьменніка Уладзіміра Сарокіна (увага, лаянка):

«…Ты ездил в Бобруйск? Ездил в Бобруйск? В Бобруйск ездил? Ездил, а? Ты в Бобруйск ездил, а? Ездил? Чего молчишь? В Бобруйск ездил? А? Чего косишь? А? Заело, да? Ездил в Бобруйск? Ты, хуй? В Бобруйск ездил? Ездил, падло? Ездил, гад? Ездил, падло? Ездил, бля?»

Бабруйск таксама ўзгаданы ў кнізе Ільфа і Пятрова «Золотой телёнок»:

«…При слове «Бобруйск» собрание болезненно застонало. Все соглашались ехать в Бобруйск хоть сейчас. Бобруйск считался прекрасным, высококультурным местом».

– Фотажаба, жаба – адзін з відаў фотамантажу, вынік сумеснае творчасці ўдзельнікаў форума, блога, іміджборда… Мантаж мае карыкатурны характар і найчасцей высмейвае галоўную выяву. Часта персанажамі фотажабаў (слова-мэм) робяцца выявы-мэмы. Узгадаем, як у Менску Пракуратура заводзіла крымінальную справу па факце абразы нацыянальнага сцягу – у адказ на фотажабу з Мікалаем Чаргінцом.

– Дэматыватар – таксама слова-мэм, за якім стаяць мільёны створаных малюнкаў з надпісамі, якія ёсць пародыяй на матыватараў. Найчасцей яны нясуць іранічны сэнс ці паказваюць бессэнсоўнасць чалавечых намаганняў.

– Чупакабра – «казіны вампір»– невядомая навуцы істота. Паводле легенды, чупакабра забівае жывёлінаў (пераважна коз) і высмоктвае ў іх кроў. У медыях раз-пораз пішуць, што нехта бачыў чупакабру, але дакладных звестак пра яе існаванне няма. Мэм – найчасцей паказвае перакладання адказнасці на «чупакабру» з сапраўднага вінаватага.

– Пуцін х…йло! Нецэнзурна, але шчыра, украінскія футбольныя заўзятары пераказалі сваё стаўленне да Уладзіміра Пуціна, пасля чаго інтэрнэт-мем пераспявалі ў шматлікіх краінах, стварылі шэраг графічных мэмаў, а потым значкі і нават туалетную паперу. Беларусы падтрымалі трэнд.

Моцныя мэмы, якія адыходзяць у гісторыю – «Падонкавскій язык» з уласцівымі слэнгавай мове адмысловымі арфаграфічнымі памылкамі ў напісанні. Превед і медвед – словы, з якіх усё пачыналася ў 2000-я гады пры напісанні каментароў у блогах, на форумах. Стыль узнік і распаўсюдзіўся з дапамогаю энтузіястаў, як гратэскная рэакцыя на шматлікія памылкі ў інтэрнэт-публікацыях і выказваннях. Лексіка: зайчег, жжош, аффтар, выпей йаду, аццки – паволі губляе карыстальнікаў.

– Падарожнік Віталь Зялкоўскі, які меў аднолькава сурʼёзны выгляд на шэрагу турыстычных сэлфі, зрабіўся глабальнаю мэм-зоркаю 2013-га года.

Раптоўная славутасць штурхнула мужчыну пайсці ў палітыку. У стварэнні фотажабаў яго выкарыстоўваюць усё радзей.

– Апазіцыйны мэм «Мірон» – асноўная дзейнасць якога ў вывешванні бела-чырвона-белых сцягоў у цяжкадаступных месцах. «Мірон» пачаў праводзіць акцыі на Віцебшчыне пасля рэферэндуму 14 траўня 1995 года, у выніку якога была змененая дзяржаўная сімволіка.

Мэм робіць з цябе чалавека! І робіць раба!

У звычайных інтэрнаўтаў мэмы выклікаюць усмешку, жаданне ствараць і распаўсюджваць. У даследнікаў – яны выклікаюць насцярогі. «Ідэі – мы іх называем «мэмы» – гэта ключы да ўсяго. Яны кіруюць свядомымі паводзінамі людзей гэтаксама, як гены кіруюць інстынктамі!» – казаў пісьменнік Майкл Флінн у сваім рамане «У краіне сляпых». Ён перасцярог ад захаплення мэмамі і патлумачыў іх ролю ў маніпуляванні масавай свядомасцю, – «Яны вырошчваюць нацыю рабоў. Тэхнарабоў. Яны падтрымліваюць кожны мэм, які пазбаўляе чалавека здольнасці аналізаваць самастойна, выхоўвае бязволле ды аднастайнасць думак».

Аналітыкі кажуць і пра іншы бок інтэрнэт-мэму. Гэта калі яго стварае супольнасць, у адказ на патрэбу часу. Якасна зроблены, выдатны мэм здольны разварушыць у чалавека рэакцыю на пэўную праблему грамадства, стварыць бунт прынамсі ў асобных галовах. Гэтак у Беларусі шматлікія мэмы зʼявіліся на знак пратэсту абсурдных заканадаўчым актам ці працэсам.

Стварэнне мэмаў асабліва ў апошні год сталася вельмі папулярным. Старонкі-генератары маюць шаблоны, а інтэрнаўт – робіць свае допісы і змяшчае вынік на сацыяльнай пляцоўцы. Такі выраб мэмаў атрымаў назву «мэмаробства» і не мае нічога супольнага з «мэматворчасцю». Таму і моцнага распаўсюду гэтыя «працы» не атрымліваюць. Шанец на шырокую аўдыторыю праз некантраляваны распаўсюд можа дасягнуць толькі тая інфармацыя, якая пакідае карыстальнікаў неабыякавымі да сябе.

Юлія Цяльпук, Белсат

Стужка навінаў