Меліціна Станюта звольнілася з ОНТ. Раней яна асудзіла адвольныя затрыманні ў Беларусі


Вядомая спартоўка Меліціна Станюта вяла на ОНТ рубрыку ў праграме «Наше утро». Аднак пасля таго як Станюта крытычна выказалася наконт адвольных затрыманняў каля крамы Symbal.by супрацу з ёй тэлеканал прыпыніў да восені. У выніку спартоўка сама звольнілася. Пра гэта Станюта распавяла The Village.

«Я звольнілася сама. Магчыма, мне б нешта прапанавалі, але я апярэдзіла. Была доўгая гутарка з дырэктарам, але гэта маё рашэнне», – заявіла яна.

Па словах Станюты, яна прыняла гэтае рашэнне падчас размовы з дырэктарам ОНТ Маратам Маркавым.

«Канал меў на ўвазе, што выкідаючы гэты пост, мне павінна было быць відавочна, што мяне звольняць. Але ў нас не было дамоўленасці пра тое, што я павінна ўзгадняць з ОНТ свае пасты ў інстаграме. У нас была дамоўленасць, што я буду ўзгадняць кожнае сваё інтэрв’ю. Гэта пачалося ў 2018 годзе. Я павінна была пытаць перад кожным інтэрвʼю, ці магу я пагадзіцца», – прызналася яна.

Станюта не шкадуе, што напісала пост, дзе асуджала адвольныя затрыманні.

«Я не лічу свой пост нейкім сцягам. Гэта мае асабістыя эмоцыі і я маю права іх выказваць. Я нікога не абражала гэтым пастом», – падкрэсліла яна.

Станюта прызналася, што ў яе ўжо былі праблемы такога кшталту.

«У 2018 годзе я паўдзельнічала ў класным праекце на «Белсаце», які называецца «Я не буду гэтага есці». На той момант, я дарэчы, не любіла бульбу і палюбіла яе пасля гэтай перадачы. Гэта была магчымасць зняцца ўсёй сямʼёй, з сяброўкамі. Перадача пра ежу, не палітыку. Пасля гэтага маю рубрыку знялі з ОНТ і прапанавалі мне перайсці ў рэдактарскі аддзел. Я вырашыла звольніцца, але тады мяне выклікалі да дырэктара, сказалі, каб я не лезла ў палітычныя моманты і ўсе ўзгадняла. Я пагадзілася, таму што мне хацелася пабудаваць тэлевізійную карʼеру», – распавяла спартоўка.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў