«Мексіка ў агні», або Неспакойная гісторыя рыжскай мяжы


Пасля Першай сусветнай вайны для барацьбы з кантрабандыстамі і бандытамі на ўсходняй мяжы Польшчы быў створаны Корпус аховы памежжа. Корпус праіснаваў 15 гадоў, аднак пакінуў значны след у гісторыі Беларусі. Гісторыю КАПу распавялі Ігар Мельнікаў і Сэбаст’ян Навакоўскі на сустрэчы ў Горадні.

Гісторык і даследчык міжваеннай Беларусі Ігар Мельнікаў. Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

Як ні дзіўна, але гісторыя Рыжскай мяжы і Корпуса Аховы Памежжа малавядомая не толькі ў Беларусі, але ў Польшчы. Гісторыя КАП стала тэмай сустрэчы «Прыпынак Гісторыя», арганізаванай беластоцкім аддзелам Інстытуту нацыянальнай памяці сумесна з Генеральным консульствам Польшчы ў Горадні.

2337 км мяжы, дзе хадзілі кантрабандысты, а ўзброеныя бандыты рабавалі мястэчкі і цягнікі

Мірны трактат паміж Польшчай і Расеяй, падпісаны ў Рызе ў 1921 годзе зусім не азначаў канца змагання за мяжу. Тэрарыстычныя рэйды, масавая кантрабанда, бандыцкія групоўкі, пасляваенныя дэзерціры… Бяспека ўсходніх межаў заставалася адной з балючых праблем новаўтворанай Рэчы Паспалітай. Жаўнер КАП, які адзін з першых прыбыў ахоўваць мяжу назваў гэтае месца «Мексікай ў агні». Апагеем стаў 1924 год, калі на мяжы адбылося больш за 200 нападаў на мястэчкі і цягнікі. Тады было вырашана стварыць Корпус Аховы Памежжа, які напачатку лічыў 28 тыс. жаўнераў і афіцэраў розных саставаў.

Жаўнеры КАП злапалі кантрабандыста. Пастановачны здымак 20-х гг. ХХ ст.Фота з прэзентацыі Сэбаст’яна Навакоўскага– Васіль Малчанаў/ «Белсат»

Пасля вайны гаспадарка на памежных тэрыторыях была ва ўпадку. На думку гісторыкаў Ігара Мельнікава і Себаст’яна Навакоўскага, КАП выконваў на ўсходзе сапраўдную цывілізацыйную місію, паколькі разам з аховай мяжы, жаўнеры будавалі масты і дарогі, школы, дамы адпачынку, капліцы. Толькі ў 1924 г. увялі ў эксплуатацыю 6 тыс. км тэлефонных лініяў, паставілі 490 тэлефонных апаратаў. У выніку вялікай міграцыі Першай сусветнай вайны распаўсюдзіліся розныя заразныя захворванні. КАП з’яўляўся не толькі мяжой дзяржавы, але і санітарным кардонам.

«Дзякуючы КАП мясцовыя жыхары маглі карыстацца дапамогай лекараў і ветэрынараў, бо ў самім корпусе трымалі шмат жывёл: сотні коней, сабак і галубоў для перасылкі інфармацыі», – кажа Сэбастʼян Навакоўскі.

Сэбаст’ян Навакоўскі з Інстытуту нацыянальнай памяці ў Ольштыне ў часе дыскусіі ў Цэнтры гарадскога жыцця. Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

Вадкая валюта або як змагаліся з кантрабандай

Розныя кошты па абодвух баках мяжы не маглі не вабіць рознага роду кантрабандыстаў. «Пераносілі і перавозілі ўсё: ежу, стальныя вырабы, скураныя, долары, крадзеных жывёл. Гандлявалі наркотыкамі. Самы дарагі – какаін, за які ў Расеі каралі смерцю, аднак і плацілі золатам. Самая хадавая валюта – самагон, якім плацілі за ўсё. Часам бывала, што адну палову хаты здымалі жаўнеры КАП, а ў другой гаспадар гнаў гарэлку», – распавядае даследчык.

У часе дыскусіі ў Цэнтры гарадскога жыцця. Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

Польскія шпіёны і савецкія ўцекачы

Як распавёў беларускі даследчык Ігар Мельнікаў, каласальная праца польскіх разведчыкаў уражвае і сёння. У захаваных дакументах КАП было апісана і намалявана ўсё: стратэгічныя дарогі, дыслакацыя савецкіх структур, бункеры, малюнкі афіцэрскай уніформы. Браліся нават узоры цэменту.

«Я, канешне, не збіраюся апраўдваць савецкія рэпрэсіі, але, відавочна, што супрацоўнікаў разведкі было шмат. Шмат савецкіх афіцэраў і жаўнераў уцякала з мяжы ў Польшчу. Да прыкладу, адзін малады лейтэнант узяў дакументы і збег да польскіх памежнікаў. Савецкае кіраўніцтва дамагалася вярнуць яго назад. Аднак палякі хутка вырабілі яму дакументы ў Аргентыну і так выратавалі. Аднак збеглых ад калектывізацыі звычайных беларусаў перадавалі назад на савецкую тэрыторыю. Я трапляў на дакументы, калі чалавек 3-4 разы пераходзіў мяжу і яго зноў перакідвалі назад», – распавядае Ігар Мельнікаў.

Жаўнеры КАП дапамагаюць у часе паводкі ў Давыдгарадку, 1932 г. Фота з прэзентацыі Сэбаст’яна Навакоўскага– Васіль Малчанаў/ «Белсат»

17 верасня 1939 г. вайскоўцы КАП першымі прынялі нечаканую атаку Чырвонай арміі. Большасць з іх гінула на месцы, параненых дабівалі штыкамі. Тых, хто выжыў забіралі ў палон. Потым – Меднае і Катынскія расстрэлы. Каму пашчасціла, траплялі ў Армію Андэрса. Сем’і КАП заканчвалі свой лёс або ў стэпах Казахстану або ў далёкай Сібіры.

«Таму да канца жыцця капаўцы не прызнаваліся, што ахоўвалі ўсходнюю мяжу. Вельмі мала засталося архіўных звестак і сёння я не рызыкну назваць колькасць загінулых», – кажа Сэбастʼян Навакоўскі.

Невялікая выставаІгара Мельнікава, прысвечаная Корпусу Аховы Памежжа ў Цэнтры гарадскога жыцця. Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

Ігар Мельнікаў у сваю чаргу сцвярджае, што гісторыя КАП наўпрост звязаная з вайсковай гісторыяй Беларусі, аднак колькасць беларусаў, якія служылі ў корпусе падлічыць сёння таксама нельга.

Паўліна Валіш belsat.eu

Стужка навінаў