Медыкі зарэгістравалі ў Беларусі 30,5 тысячаў кантактаў першага ўзроўню


З моманту выяўлення першага інфікаванага каронавірусам у Беларусі, медыкі зарэгістравалі 30,5 тысячаў кантактаў першага ўзроўню. Гэтыя асобы павінныя выконваць рэжым самаізаляцыі, піша БелТА.

Кантакты першага і другога ўзроўняў, паводле рашэнняў уладаў, абавязаныя выконваць рэжым самаізаляцыі. Медыкі ў нашай краіне з моманту выяўлення першага інфікаванага каронавірусам, зарэгістравалі 30,5 тысячаў кантактаў першага ўзроўню. Выкананне рэжыму самаізаляцыі ў Беларусі кантралююць адмыслоўцы. Гэтак, напрыклад, 16 красавіка, медыкі наведалі 23,7 тысячаў асобаў.

«Выяўлена 701 парушэнне захадаў самаізаляцыі. Людзей не знайшлі дома. Інфармацыю накіравалі ў РУУС, пракуратуру. Нашай службай у дачыненні да сямі асобаў распачаты адміністрацыйны працэс. У дачыненні да двух ён ужо праведзены», – распавяла намеснік начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

Максімальная сума штрафу за парушэнне рэжыму самаізаляцыі ў Беларусі складае 30 базавых велічыняў (810 рублёў). Выяўленыя парушальнікі пакуль атрымалі штраф у памеры 2 базавыя (54 рублі), з імі праведзена прафілактычная гутарка.

Урад Беларусі зацвердзіў абмежавальную захаду – самаізаляцыю, яшчэ 9 красавіка. Самаізалявацца мусяць тыя, у каго пацвердзілі інфекцыю COVID-19; тыя, хто непасрэдна кантактаваў з хворымі; тыя, хто кантактаваў з іхным асяроддзем або вярнуўся з краінаў, дзе назіраюцца захворванні, – гэта значыць, з любой краіны свету.

Самаізаляцыя прадугледжаная на 14 дзён і можа быць працягнутая на загад медыкаў. На гэты час ізаляваныя атрымаюць бальнічны і звязаныя з ім выплаты.

Аб’ектыў
Самаізаляцыю зацвердзілі
2020.04.09 22:28

СК belsat.eu

Стужка навінаў