Медыка, якому разбілі галаву на пратэстах у Магілёве, судзілі другі раз


14 кастрычніка рэнтген-лабарант Андрэй Вярбіцкі мусіў выйсці на волю з Магілёўскага ізалятару часовага ўтрымання. Там ён адбываў 14 содняў арышту за ўдзел у мірным мітынгу пратэсту 27 верасня. За дзень да выхаду, 13 кастрычніка, над Андрэем прайшоў другі суд за ўдзел у маршы 30 верасня.

Вырак у справе суд Ленінскага раёну Магілёва агучыў сёння 14 кастрычніка – суддзя Алена Літвіна прысудзіла Вярбіцкаму яшчэ 12 содняў арышту. На яе рашэнне не паўплываў ні выступ адваката, ні калектыўны зварот за вызваленне Вярбіцкага, які падпісалі 50 ягоных калегаў.

Андрэй Вярбіцкі пасля збіцця супрацоўнікамі міліцыі. Фота з уласнага архіву
Андрей Вербицкий после избиения сотрудниками милиции. Фото из собственного архива

Традыцыйна справу Вярбіцкага, як і іншых арыштаваных цяпер, суддзя Алена Літвіна разглядала праз скайп. Праводзіць паседжанне заміналі тэхнічныя праблемы – увесь час адлучаўся інтэрнэт. Відэа, якое далучанае да справы ў якасці доказу віны, Вярбіцкі так і не ўбачыў – не дазволіла сістэма перадачы карцінкі, калі пад ўэб-камеру падстаўляецца ноўтбук з відэа.

Паводле адміністратыўнага пратаколу Андрэй Вярбіцкі 30 верасня ўзяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсці ў Магілёве. «Рухаўся ў калоне людзей, якія махалі ды хлопалі рукамі, мелі пры сабе апазіцыйную сімволіку, з мэтай выражэння незадаволення выбарамі прэзідэнта 9 жніўня», – як пад капірку, напісана ў пратаколах большасці затрыманых паводле ч. 1. арт. 23.34 КаАП.

Суддзя Алена Літвіна.
Фота: Belsat.eu

Вярбіцкі віны не прызнаў, але пагадзіўся, што быў у калоне. На думку Андрэя, сваімі дзеяннямі ён нічога не парушыў. «Я гуляў адзін у цэнтры гораду. Пры мне ніякай сімволікі не было. Пабачыў калону і далучыўся да яе на нейкі час, а пасля пайшоў па сваіх справах», – заявіў Андрэй на судзе.

«Ці згодныя вы з вынікамі выбараў?» – запыталася ў Вярбіцкага суддзя. «Не», – адказаў Андрэй.

Пасля разгляду матэрыялаў справы аказалася, што на дыску толькі два файлы, а ў пратаколе агляду доказаў называецца тры файлы, на якіх мусіла быць запісанае відэа з удзелам Андрэя. Пры гэтым пасля прагляду відэа адвакат Вярбіцкага заявіў, што на адным відэа ўвогуле не пабачыў нават нікога падобнага на Вярбіцкага, а на другім відэафон і абстаноўка не падобныя на прыкладзеныя скрыншоты.

Ірына, жонка Андрэя Вярбіцкага.
Фота: «Белсат»

На думку адваката, расцэньваць нацыянальны сцяг як апазіцыйную сімволіку нельга. «Я пад ім заканчваў школу. Ён ёсць у мяне на медалях», – нагадаў адвакат. Таксама ён адзначыў, што Вярбіцкі – чалавек з вышэйшай адукацыяй, працуе медыкам і яго нельга саджаць на содні, бо ён неабходны спецыяліст у сваёй установе. Разам з тым адвакат заявіў, што на пратэсце 27 верасня Вярбіцкаму разбілі галаву, і таму саджаць яго ў ізалятар не гуманна.

За Андрэя заступіліся ягоныя калегі – яны напісалі калектыўную скаргу на беспадстаўнае затрыманне ў пракуратуру. У скарзе яны адзначылі, што 27 верасня Вярбіцкі быў жорстка збіты сілавікамі, хоць ніякага супраціву не аказваў. Ягоны дыягназ – удары мяккіх тканін галавы, удар мяккіх тканак правага каленнага сустава – патрабуе працягу лячэння. Аднак нягледзячы на дрэннае самаадчуванне і рэкамендацыі дактароў, ён быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар.

«З-за адсутнасці Андрэя Аляксандравіча часткова паралізуецца праца двух аддзяленняў больніцы: артапедычнага і тэрапеўтычнага. Ні адно з гэтых аддзяленняў не ў стане працаваць без рэнтгенаўскіх здымкаў. Замена ж гэтага спецыяліста немагчымая з-за асаблівай спецыфікі ягонай пасады», – заявілі калегі Вярбіцкага ў сваёй скарзе.

Калегі прыходзілі і да Андрэя на суд, але былі вымушаныя стаяць пад дзвярыма. Дзеля разгляду справы не далі вялікай залы, а ў кабінеце суддзі змясцілася ўсяго некалькі чалавек.

На судзе прысутнічала Андрэева жонка Ірына. Пасля агучвання выраку яна сказала: «Гэта не суд, гэта цырк. Я не магу сурʼёзна да яго ставіцца. Гэта па-за межамі прававога поля».

Hавiны
«Ударылі па галаве, селі на плечы». Сёння з больніцы выходзіць магілёвец, які пацярпеў на нядзельным маршы
2020.09.30 11:20

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў