Медык – пра прышчэпкі: «Людзі забыліся, як выглядае поліяміэліт або коклюш»


Людміла Яненка

13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне пасля прышчэпкі памёр двухмесячны хлопчык. Фельдшарка Людміла Яненка ў размове з «Белсатам» кажа, што ўскладненні пасля прышчэпак здараюцца вельмі рэдка, а любая вакцына лепшая за яе адсутнасць.

Паводле фельдшаркі хуткае дапамогі Людмілы Яненка, якую мы просім пракаментаваць смерць маленькага Кірыла пасля планавай вакцынацыі, усе прышчэпкі, якія трапляюць у медычныя ўстановы, праходзяць даследаванні і выпрабаванні – яны бяспечныя для людзей і, у прыватнасці, для дзяцей. Але, як любы медычны прэпарат, вакцыны могуць мець свае супрацьпаказанні і могуць прывесці да ўскладненняў.

«Пасля ўвядзення прышчэпкі могуць сустракацца поствакцынальныя рэакцыі (напрыклад, падвышэнне тэмпературы) або рэдкія выпадкі ўскладнення (алергічныя рэакцыі)», – кажа Яненка.

Паводле спецыялісткі, прадугледзець такі выпадак, які здарыўся з хлопчыкам у Ганцавіцкім раёне, немагчыма: калі адбываецца анафілактычны шок або нешта падобнае, вельмі цяжка аказаць дапамогу.

Медык дадае, што часцей можна сустрэць поствакцынальную рэакцыю (напрыклад, невялікае недамаганне), якое лёгка праходзіць.

«Карысць ад прышчэпак – нашмат большая за магчымую шкоду. Захворванні, ад якіх робяцца прышчэпкі, нясуць за сабой нашмат большую небяспеку, чымся магчымыя ўскладненні, – кажа Яненка. – Наступствы масавага адмаўлення ад прышчэпак можна пабачыць ува Украіне, дзе цяпер бушуе адзёр».

Паводле спецыялісткі, праз адмову ад прышчэпак неўзабаве могуць вярнуцца захворванні, пра якія мы амаль забыліся.

«Сучаснае пакаленне людзей не ведае, як выглядае поліяміэліт або, напрыклад, прыступ коклюшнага кашлю», – дадае Яненка.

Медык прыгадвае ўспышку дыфтэрыі ў 90-я, калі ў рэанімацыю траплялі пераважна дарослыя.

«Дыфтэрыя – захворванне, ад якога трэба прышчапляцца раз на дзесяць гадоў. Ніхто з дзяцей не захварэў, бо ў савецкія часы ніхто не адмаўляўся ад прышчэпак. Дзеці былі здаровыя, а іхныя бацькі, якія прышчэпак не рабілі, захварэлі», – нагадвае нашая суразмоўца.

Сёння, паводле Яненкі, у Беларусі няма вакцынаў айчыннае вытворчасці, у дзяржаўных і прыватных медычных установах выкарыстоўваюць еўрапейскія (французскія і нідэрландскія), карэйскія, кітайскія або расейскія прэпараты.

«Выбар вакцыны – прыватны выбар кожнага чалавека. Ён залежыць ад фінансавых магчымасцяў, бо ў дзяржаўных медустановах прышчэпкі робяцца бясплатна – гэта будуць часткова кітайскія або расейскія аналагі. Еўрапейскія вакцыны звычайна платныя і каштуюць яны дорага. Адна доза можа каштаваць 100 рублёў, а такіх дозаў можа быць патрэбна, напрыклад, тры цягам некалькіх месяцаў. Для мноства сем’яў гэта непад’ёмныя грошы, – кажа Яненка.

Для некаторых важным з’яўляецца пытанне камфорту: часам беларусы абіраюць даражэйшую, але больш «зручную» вакцыну, якая змяшчае пяць або шэсць прэпаратаў – каб не рабіць некалькі ўколаў.

«Якая б вакцына не была, любая будзе лепшай за яе адсутнасць», – кажа Яненка.

Паводле нашай суразмоўцы, беларусы часта не могуць зрабіць прышчэпку, якую без праблемаў робяць ува ўсіх нашых суседзяў: у Міністэрстве аховы здароўя адмову ад таго ці іншага прэпарату часта звязваюць з нізкім попытам.

Спецыялістка прызнаецца, што ў Беларусі немагчыма знайсці вакцыны ад ротавіруснай інфекцыі і менінгіту.

«Ведаю, што многія бацькі гатовыя заплаціць грошы за ўвядзенне дадатковых вакцынаў, якія не ўваходзяць у нацыянальны каляндар. Але ім прыходзіцца вывозіць для гэтага дзяцей у суседнюю Вільню, і плаціць даволі вялікія грошы за агляд педыятра і прышчэпку», – дадае адмысловец.

Парады Людмілы Яненка

  • Каб рабіць прышчэпку, дзіця павіннае быць здаровым. Для гэтага не трэба здаваць шматлікія аналізы, а дастаткова агляду педыятру. Калі лекар заўважыць нешта, што патрабуе ўвагі, ён прызначыць даследаванне.
  • Пасля прышчэпкі варта назіраць за месцам увядзення вакцыны і за агульным станам дзіцяці. Можа быць поствакцынальная рэакцыя, невялікая прыпухласць, невялікая тэмпература. Паводле медыка, гэта нармальная рэакцыя на прышчэпку. Можна даць прэпарат, які здыме тэмпературу, быць у гэты дзень больш уважлівым да дзіцяці. Калі вы корміце малаком, можна часцей прыкладаць дзіця да грудзей – любому дзіцяці будзе дастаткова ўвагі і клопату бацькоў у гэты дзень.
  • Калі тэмпература падымаецца вышэй за 38 градусаў, трэба звярнуць на гэта дастатковую ўвагу.

ДД

Стужка навінаў